• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
22.12.2022 | Грамадства Гісторыя

«Сярэдзіны мы не прызнаём!» Да 100-годдзя часопіса «Полымя»

Старэйшаму «тоўстаму» беларускаму часопісу «Полымя» ў снежні спаўняецца 100 гадоў. Прыгадваем цікавосткі з гісторыі выдання, без якога проста нельга сабе ўявіць гісторыю беларускай літаратуры.


98.jpg
Першы нумар часопіса «Полымя»

Першыя дзесяць гадоў свайго існавання «Полымя» не мела афіцыйнага рэдактара, а кіравалася рэдакцыйнай калегіяй, у якую ў розны час уваходзілі Якуб Колас і Янка Купала, Змітрок Бядуля і Вульф Нодэль, Антон Баліцкі і Усевалад Ігнатоўскі, Міхась Зарэцкі і Міхась Чарот ды іншыя. Пазнавальная вокладка часопіса была створана мастаком Міхасём Філіповічам.

Але стаяў за выданнем па першым часе Зміцер Жылуновіч, які і быў яго фактычным рухавіком. Зразумець гэта можна, калі пагартаць самы першы нумар — у звароце рэдакцыі да сваіх чытачоў ясна праглядаюцца менавіта ягоныя пагляды на культуру, палітыку і літаратуру. Ды і менавіта яму адводзіў той жа Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» ролю галоўнага для таго часу пралетарскага пісьменніка.

99.jpg
Зміцер Жылуновіч

Рэдакцыя «Полымя» ў той прадмове абвяшчала часопіс марксісцкім і рэвалюцыйным, але разам з тым «непартыйным». Да супрацы запрашаліся ўсе, хто падзяляў каштоўнасці рэдакцыі: вызнаваў Савецкую Беларусь, «верхаводства рабочага стану, якое падтрымліваюць шырокія сялянскія гушчы», падзяляў візію нацыянальнай культуры і гэтак далей.

Некаторыя заявы гучаць даволі смела нават па цяперашнім часе: маўляў, мы не збіраемся гуртавацца выключна для яднання, шукаем сабе не толькі сяброў, але і ворагаў. І ўсё ў прыкладна такім жа духу: нацыяналізм з «незалежнікамі» нам не блізкі, але і чыстага інтэрнацыяналізму мы таксама не прымаем. І гэта ў часы, калі беларускіх актывістаў было не так і многа...

Верагодна, некаторыя з тых дэкларацый былі агучана адмыслова — каб пазбегнуць магчымых праблемаў. Бо ў Жылуновіча яны рэгулярна з’яўляліся — яшчэ ў пачатку года ён ачоліў кааперацыйнае выдавецтва «Адраджэнне», якое паспела выпусціць за адзін год 14 кніг, сярод якіх была і знакамітая «Спадчына» Янкі Купалы«. Але неўзабаве выдавецтва абвінавацілі ў «нацыянал-шавінізме» і давялося пераназывацца ў «Савецкую Беларусь». Акурат яно ўжо і пачне выдаваць часопіс.

Разам з тым бальшавікі, як памятаем, былі вымушаныя ісці на кампрамісы, шукаючы іх найперш з іншымі левымі. Бо ў Беларусі тады не было неабходнай колькасці кадраў для эфектыўнай арганізацыі дзяржаўнага функцыянавання, наладжвання грамадскага, культурніцкага і эканамічнага жыцця. Ды і асаблівай падтрымкай яны не карысталіся.

Ужо ад першага нумара ў «Полымі» актыўна друкуюцца прызнаныя гранды беларускай літаратуры — Якуб Колас, Янка Купала, Змітрок Бядуля ды іншыя. Прычым выступаюць з творамі, якія можна расчытаць па-рознаму. Як прыклад, коласаў «Крывавы вір» — дзе даецца зусім недназначная ацэнка рэвалюцыйных падзей.

На старонках выдання распачынаюцца зацятыя літаратурныя дыскусіі і абмеркаванне праблем краіны. Тут можна ўбачыць даклады Аляксандра Чарвякова, артыкулы Антона Баліцкага і Усевалада Ігнатоўскага, якія ў 1920-я гады займалі ключавыя пасады ў БССР у розных сферах. А па хроніцы культурніцкага жыцця, якая давалася ў канцы кожнай «кнігі», можна вывучаць не толькі гісторыю беларускай літаратуры, але таксама ўсяго Савецкага Саюза і нават замежжа.

100.jpg
Артыкул Антона Баліцкага ў часопісе «Полымя», 1925 год

З першага нумара ў часопісе сам Жылуновіч узяў традыцыю друкаваць артыкулы па гісторыі Беларусі. За гэта яму, праўда, потым моцна дастанецца. Бо калі ў першай палове дзесяцігоддзя ўласная візія на падзеі, дзе давялося непасрэдна ўдзельнічаць, яшчэ дапускалася, то ў канцы яго гэта было ўжо проста немагчымым. Так, у першым нумары ён публікуе тэкст пад красамоўнай назвай «1 студзеня — рэвалюцыйна-гістарычнае сьвята Савецкай Беларусі».

Гісторыя з публікацыяй падобных матэрыялаў у выніку скончыцца сумна. За прыклад можна ўзяць першы нумар «Полымя» за 1929 год, дзе сябры рэдкалегіі надрукавалі адмысловую заяву. Паводле яе, у апошнім, дзясятым, нумары за 1928 год была дапушчана палітычная памылка: няправільна высветлена пытанне пра стварэнне БССР і не высветлена роля ў гэтай справе КП©Б. А сам нумар «выданы без удзелу большасці рэдакцыі часопіса», то-бок нібыта адзінаасобна Жылуновічам.

Чацвёрты нумар «Полымя» за 1929 год распачынаецца са знакамітых «Крывічоў» Міхася Зарэцкага — рамана, які выклікаў шалёную крытыку і ледзь не публічнае цкаванне аўтара. Прычына простая — Зарэцкі, у характэрнай для яго манеры, паставіў пад сумнеў палітыку беларусізацыі. Пазней ён перарабляў яго і зноў спрабаваў публікаваць, але гэты твор так і застаўся няскончаным.


101.jpg
Міхась Зарэцкі

Да 1930 года «Полымя» выходзіла не так рэгулярна, як пазней, калі кожны нумар адпавядаў каляндарнаму месяцу. На другі год выдання, напрыклад, фактычна свет пабачылі 8 нумароў, бо 3 з іх — здвоеныя. Так было і ў іншыя гады, пакуль працэс выхаду не стабілізаваўся.

Разам са сканчэннем уніфікацыі літаратурнага жыцця ў 1932 годзе часопіс займеў і першага свайго афіцыйнага «адказнага рэдактара». Ім стаў пісьменнік Платон Галавач, які да гэтага зрабіў за дзясятак гадоў проста галавакружную кар’еру нават па мерках БССР: ад звычайнага пастуха да чыноўніка ў высокіх кабінетах.

102.jpg
Платон Галавач

У гэты ж час былі скасаваныя ўсе літаратурныя аб’яднанні і гурткі па ўсім СССР і пачаўся працэс стварэння адзінага пісьменніцкага саюза. Выданне тады займела і новую назву — «Полымя рэвалюцыі», а ў 1933 годзе Галавача на пасадзе галоўнага рэдактара заменіць малады і амбітны Міхась Лынькоў. Ён будзе кіраваць выданнем да 1941 года.

Пасля вайны часопісам тры гады, з 1945 па 1948, кіраваў Пятрусь Броўка. А следам да 1967 года галоўным рэдактарам быў Максім Танк. Часам менавіта яго справядліва называюць лепшым з усіх рэдактарам «Полымя», бо менавіта пры Танку чытачы ўпершыню пабачылі часопісныя варыянты твораў, якія сёння ўважаюцца неспрэчнай класікай беларускай літаратуры: «Людзі на балоце» Івана Мележа, «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна, «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча.

У розны час у «Полымі» друкаваліся таксама Кузьма Чорны і Кандрат Крапіва, Васіль Быкаў і Іван Навуменка, Вячаслаў Адамчык і Рыгор Барадулін, ды многія іншыя вядомыя літаратары, паэты, празаікі, літаратуразнаўцы і навукоўцы. А ў рэдакцыі працавалі такія знаўцы мовы, як Іван Пташнікаў і Андрэй Федарэнка.

Ад моманту свайго заснавання «Полымя» ўзяло высокую планку, якую здолела трымаць на адпаведным узроўні доўгі час.

Сёння рэдакцыя часопіса ўваходзіць у штат дзяржаўнага выдавецтва «Мастацкая літаратура». Заснавальнікам «Полымя» лічыцца Міністэрства інфармацыі Беларусі. Ад ліпеня 2021 года галоўным рэдактарам з’яўляецца паэт Віктар Шніп.

103.jpg Фота. Вокладка часопіса за кастрычнік 2022

Л. Г., budzma.org

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Замежжа

Цімаці Снайдэр стане голасам Алеся Бяляцкага ў арт-інсталяцыі Андрэя Курэйчыка на Оslo Freedom Forum 2023

Праграма Праваабарончага фонду (HRF) «Мастацтва ў пратэсте» з гонарам прадстаўляе выставу «Галасы Новай Беларусі»...

valiancina_shauchenka
Вандруем разам

Тэст для вандроўнікаў па Беларусі

Любіш вандраваць па Беларусі і цікавішся гісторыяй роднага краю? Адкажы на пытанні нашага тэста ды правер свае...

valiancina_shauchenka
Вандруем разам

«Кругасветка» на ровары. Топ-10 веламаршрутаў па Беларусі

3 чэрвеня ў свеце адзначылі Дзень ровара. Беларусь — выдатнае месца для велападарожжаў: палі і лясы не знаходзяцца...

valiancina_shauchenka
Музыка

Гурт «ŠUMA» зрабіў сваю версію «Купалінкі» і абвесціў конкурс рэміксаў на яе

Гурт «ŠUMA» прадставіў сваю версію «Купалінкі». Таксама музыкі абвесцілі конкурс рэміксаў на яе з узнагародай...

Апошнія навіны

    Замежжа
    Цімаці Снайдэр стане голасам Алеся Бяляцкага ў арт-інсталяцыі Андрэя Курэйчыка на Оslo Freedom Forum 2023
    Вандруем разам
    Тэст для вандроўнікаў па Беларусі
    Вандруем разам
    «Кругасветка» на ровары. Топ-10 веламаршрутаў па Беларусі
    Музыка
    Гурт «ŠUMA» зрабіў сваю версію «Купалінкі» і абвесціў конкурс рэміксаў на яе
    Літаратура Асоба
    Тры цікавыя факты пра раман Элізы Ажэшкі «Дзікунка»
    Літаратура
    Міжнародны паэтычны флэш-моб: Сяргей Харэўскі чытае «Пагоню» Багдановіча
    Навіны "Будзьма!" Гісторыя за 5 хвілін
    Як Гедымін сталіцу ВКЛ у Вільню перанёс? Вандруем у мінулае з “Гісторыяй за 5 хвілін”
    Грамадства
    Культура за кратамі. Хроніка рэпрэсій у дачыненні да дзеячаў культуры за апошні тыдзень
    Культура Замежжа
    У Варшаве адбудзецца Першы Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі
    Грамадства Замежжа
    З музея Івана Луцкевіча ў Вільні скралі скрынку з ахвяраваннямі. Музею трэба дапамога
    Кіно
    Скарбонка беларускага кіно. «Акупацыя. Містэрыі» — культавы фільм, які быў забаронены ў Беларусі, бо вычышчае савецкія штампы пра вайну
    Гісторыя Асоба
    Цяжкая праца, сціплая ежа, гарэлка: жыццё сялян вачыма Сыракомлі
    Культура Літаратура
    Топ-3 смешных выпадкаў з Янкам Купалам
    Замежжа
    Пра сучасны белліт без цэнзуры і купюр. На кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта пачынаецца прыёмная кампанія
    Грамадства
    Праект Women in Tech, які навучае жанчын і дзяўчат ІТ-прафесіям, адзначае паўгода працы. Распавядаем пра першыя вынікі

Афіша

  • 07.06

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Купалаўцы граюць спектакль «Шэпт» у Кракаве

  • 07.06 — 18.06Выстава «Калі яго парушыць, яно становіцца адчувальным» у Вільні
  • 07.06 — 18.06Выстава выцінанкі Наталлі Каньковай у Віцебску
  • 07.06 — 18.06Выстава «Abstract» у Віцебску
  • 07.06 — 18.06Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»
  • 07.06Pop-up store беларускіх мастакоў у Мінску
  • 07.06 — 08.06 Выстава Анастасіі Рыдлеўскай «Nothing Left» у Познані
  • 07.06 — 10.06«Past Garden». Выстава Рамана Камінскага ў Варшаве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Таму што мы — беларусы». Як выхоўваць дзіця па-беларуску за мяжой і не толькі?
    • Мелказёраў: я не баюся быць тупаком
    • Паглядзіце, якія выцінанкавыя стыкеры зрабіла мастачка Вольга Бабурына
    • Топ-3 смешных выпадкаў з Янкам Купалам
    • Тэст для вандроўнікаў па Беларусі
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип