18 лістапада ў Варшаве распачынаецца фестываль беларускага кіно Bulbamovie: тры дні фільмаў з Беларусі і пра Беларусь — ад паўсюдна вядомай ужо стужкі «Courage» Аляксея Палуяна да незнаёмых і, пэўна, нікому дагэтуль не паказаных фільмаў маладых рэжысёраў. Падчас аблогі беларускага кіно ўласна ў Беларусі багатая праграма Bulbamovie выглядае як мроя з паралельнага, несапсаванага сусвету.
З Янушам Гаўрылюком, дырэктарам Bulbamovie, гутарым пра раз’яднанасць і аб’яднанне, пра сваіх і чужых, пра дыскусіі і кэнсэлінгі — карацей, пра тое, з чым сутыкнулася беларускае кіно і што мусіць пераадольваць фестываль са шматгадовым слоганам «Бульба яднае».
Скажы, калі ласачка, як гэта ўвогуле — у 2022 годзе ладзіць фэст беларускага кіно? Як ашчушчэнія?
Шчыра кажучы, узімку, калі вайна пачалася, былі вялікія сумневы. Але ж пасля ў Варшаве адбылося шмат паказаў украінскага кіно — я і сам на іх хадзіў: асобныя сеансы, секцыя Адэскага фестывалю на Варшаўскім кінафэсце, пасля ўкраінскі фестываль. Карацей, паўгода ўсе глядзелі ўкраінскае кіно, і я падумаў: можа, ім ужо наеліся, і калі пабачаць штосьці беларускае, то прыйдуць. Падумаюць, што там у гэтым кіно беларускім муцяць, у гэтай Беларусі, якая разам з Расіяй напала на Украіну.
А ты ўвогуле адчуваеш, што ладзіш фэст у час вайны?
Не тое каб менавіта гэта. Былі пытаннечкі, як мы зробім фэст, калі вайна, калі беларусаў дыскрымінуюць, лічаць агрэсарамі. Але потым з’явіліся сумневы іншыя: я не магу паказаць усяго, што мог бы паказаць. Думаў, што здолею гэта абысці, дамовіцца, аднак высветлілася, што беларускія чыноўнікі яшчэ больш баяцца, чым звычайныя людзі.
Каманда фестываля
Ага, напярэдадні фэсту з’явілася навіна, што аўтары фільма «Гэта я, Мінск» здымаюць яго з праграмы Bulbamovie. Пракаментуй, калі ласка.
Я атрымаў ад аўтараў фільма заяўку на Bulbamovie, і ён проста выдатна ўпісаўся ў праграму, бо суботу я планаваў «мінскую». Першы дзень больш сур’ёзны: фестывальныя фільмы — Ратэрдам, IDFA, сур’ёзная дыскусія. А субота мела быць чыста кіношнай: давайце забудземся пра гэта ўсё і будзем проста гуляць па Мінску. Такая была задума, і «Гэта я, Мінск» ідэальна ўпісваўся. Але сталася так, што гэты фільм мусіць мець прэм’еру спачатку на «Лістападзе», то-бок у краіне, а пасля ўжо можна за яе межамі. Яго і піярылі на «Лістападзе» — але ж за два дні да фэсту прыбралі з праграмы. Тады мне хлопцы напісалі, што не могуць паказаць фільм у Польшчы, бо не было прэм’еры ў Беларусі. Мне вельмі шкада. Гэты фільм мне вельмі падабаецца, але, на жаль, яго ніхто зноў не ўбачыць. Не ведаю, чаму яго знялі з «Лістапада». Калі б гледачы ў Мінску былі ў захапленні ад гэтага фільма, а потым праз тыдзень былі б у захапленні ў Варшаве, каму ад гэтага было б дрэнна? А так не будуць у захапленні нідзе. Што рабіць. Шкада.
Дарэчы, ці сутыкаўся ты з кэнсэлінгам беларусаў падчас падрыхтоўкі?
Я гэтага вельмі баяўся, нават прадмову напісаў, у якой двойчы падкрэсліваю: гэта ўлады Беларусі, а не беларусы, і лепш рабіць кіно, чым вайну. Але да гэтай пары ані разу не было нічога. Думаю, у Варшаве людзі разумеюць. Процьма афішаў вісіць у горадзе — ніякай фарбы на іх. Нават у фэйсбуку ніхто нічога не напісаў.
У мяне ашчушчэніе, што беларускае кіно канчаткова з’ехала ў Варшаву. У цябе ў Варшаве ёсць такое ашчушчэніе? Летась Bulbamovie быў кшталту акцыі пратэсту: нязгодныя кіношнікі выказалі сваю пазіцыю. А сёлета фэст — ужо кшталту кіношнага цэнтра дыяспары, для пэўнай супольнасці — носьбіт беларускага кіно.
Ёсць адчуванне, што так можа быць, і гэта будзе вядома ўжо пасля сёлетняга фестывалю.
То-бок — дакруцім пытаннечка да максімуму — ты не выключаеш, што праз колькі год Bulbamovie стане фэстам польскіх фільмаў?
Не, да такой ступені не. Я пра тое, што сапраўды цалкам магчыма, калі ў Беларусі няма ніякага фэсту беларускага кіно, і ў ваколіцы таксама няма, а ў нас такая сур’ёзная пляцоўка, рэсурсы, падтрымка — то-бок мы не да канца партызаншчына (хаця партызаншчына ёсць заўсёды, без гэтага няма беларускага кіно): дык вось, калі беларусы пабачаць гэта, то праз год прыйдуць да нас. Нават скептыкі, якія прынцыпова не ідуць. І Bulbamovie стане пляцоўкай супольнасці.
Кадр з фільма «Мара»
Мне падалося, праграма сканцэнтравана на пратэстах яшчэ мацней, чым летась. Табе не падаецца, што час у эміграцыі спыніўся ў 2020 годзе? Чаму ты такі акцэнт зрабіў у 2022 годзе?
Мне здаецца, гэта больш пра асэнсаванне пратэстаў — як «Мара» Сашы Кулак, адзін з найлепшых для мяне фільмаў. Але ж каб я мог паказаць усе фільмы з Беларусі — была б зусім іншая праграма, ты б не магла тады сказаць, што я сканцэнтраваўся на пратэстах. Апроч «Гэта я, Мінск» я хацеў паказаць, напрыклад, фільм Андрэя Кудзіненкі «Хто я?». Ён пратэстаў не закранае, а больш паказвае стан беларусаў — у якім эмацыйным стане яны знаходзяцца.
І ніхто гэтага не ўбачыць.
Ніхто гэтага не ўбачыць. Цяжкія часы проста.
І ў цяжкія часы ты паказваеш «Minsk» Барыса Гуца — фільм, які выклікае люты хейт у беларусаў, бо, скажам так, эксплуатуе пратэсты ды яшчэ перакручвае іх.
Паказваю, але паўсюль пішу, што пасля фільма будзе размова з кінакрытыкамі Максімам Жбанковым і Пётрам Чэркаўскім. Магчыма, будзе на скайпе і Барыс Гуц.
Чытайце па тэме: Фільм «MINSK». Атракцыён развітога аўтарытарызму
Ты не баішся, што каго-небудзь скалечаць у зале?
Я не, але Барыс Гуц спалохаўся. Спытаў, ці дакладна я хачу паказаць ягоны фільм. Я тым больш хачу паказаць. Гэта балючая тэма для беларусаў — але тым больш добрая нагода абмеркаваць, што выклікае столькі эмоцый.
Падчас «Лістапада» высветлілася, што кінасупольнасць раз’яднаная яшчэ горш, чым раней, хаця здавалася, куды ўжо горш. Але ж былі нервовыя абмеркаванні, ці з’яўляюцца калабарантамі тыя кіношнікі, якія бяруць удзел у «Лістападзе». А тут яшчэ і Bulbamovie. Што думаеш?
Я не думаю, што яны калабаранты. Я думаю, што яны, калі могуць, то робяць штосьці для беларускага кіно. Я не быў у Беларусі два гады і намагаюся зразумець людзей, якія засталіся. Што ім рабіць? Нічога не рабіць?
Штосьці трэба рабіць — два гады прайшло. На конкурс маладога кіно прыйшло крыху фільмаў з Беларусі, і для мяне гэтыя фільмы найбольш цікавыя. Бо нават недасканалыя, яны мне расказваюць штосьці пра Беларусь. Я вельмі баюся эмігранцкага кіно, якое мусіць з’явіцца
Гдыньская кінашкола, школа Вайды — яны ўсе дапамагаюць беларусам і благога не жадаюць, але ці гэта будзе беларускае кіно, у мяне, на жаль, вялікі сумнеў. Думаю, гэта будзе тое, што называюць эмігранцкім кіно. Але сама тэма пра калабарацыянізм небяспечная: я не хачу абіраць бок. Адчуваю, што робіцца вельмі відавочны падзел, і гэтага не хачу. Прайшло два гады, і штосьці трэба рабіць. Таму проста паказваем кіно. Паглядзім, што будзе праз год.
«Бульба яднае»? Дарэчы, гэта прынцыпова, што ты робіш цалкам афлайн-фестываль?
Так. Бо каронавірус скончыўся.
Летась ты казаў, што спадзяешся, што наступны Bulbamovie пройдзе ў Мінску.
Крышку памыліўся. Часам трапляеш, а часам не. Але зладзіць Bulbamovie ў Мінску магчыма, я ў гэта веру. Мне нават падавалася, час проста такі, каб ісці ў Беларусь, але ж аказалася, што няма там з кім размаўляць, бо кожны там баіцца. Не можа такі стан, як цяпер, цягнуцца аж так доўга. Думаю, кожны стомлены. Спадзяюся, эмігранты таксама думаюць, што трэба штосьці рабіць.
Ці маеш прагноз на 2023 год?
Я кепскі Настрадамус, як бачыш. Пасля пачатку вайны цяжка зусім прагназаваць. Веру, што калі фэст адбудзецца і ўсё пройдзе добра, то ёсць шанц, што новыя людзі будуць да нас прыходзіць і паўстане такая пляцоўка, як калісьці на «Лістападзе». Да таго ж, можа, будзе адліга і пачне паўставаць нейкае кіно ў Беларусі. Іншая справа, што ўмоў для фестывалю ў Беларусі не будзе. Калі былі ўмовы — і тое нацыянальны конкурс з’явіўся толькі ў 2014-м. Не так хутка гэта будзе. Дык вось веру, што калі людзі пабачаць, што ў нас ёсць афлайн-пляцоўка, яны будуць прыходзіць. Мяне гэта цешыць.
Адчуваеш гэта як місію?
Так-так. Я так думаю.
Кадр з фільма «І зноў беларусь»
Напрыканцы размовы пра тое, што не атрымалася паказаць і тое, што, можа, атрымаецца пасля, скажы пра тое, што атрымалася. Што ў сёлетняй праграме ўсцешыла тваё дырэктарскае сэрца?
Адзін фільм з Беларусі раю пабачыць. Не ведаю, ці можна будзе яго дзесьці яшчэ пабачыць, акрамя як у нас. Мяне гэты фільм вельмі ўразіў. Гэта дакумент, які выглядае, як ігравое кіно. Дзеянне адбываецца ў цэнтры Мінска, а пасля на беларуска-польскай мяжы. А героі — чатыры курды. 2021 год. Гэты фільм вельмі па-рознаму прынялі тыя, каму я яго паказваў, але ж абыякавы ніхто не быў. Ён вельмі праўдзівы і зняты ў Беларусі. Мне дужа цікава, як яго ўспрыме публіка, нават прыйду пасядзець у зале, паглядзець, як гледачы ўспрымаюць. Гэта кіно, якое ніхто не зрабіў і ўжо не зробіць. Называецца «І зноў Беларусь».
Добрая назва. Давай ёю і скончым.
Марыя Касцюковіч, budzma.org