Пра цікавую знаходку ў Ручыцы расказаў «РГ» краязнаўца з Вілейкі Дзяніс Канецкі.
— Неяк адзін чалавек даў мне прафесійную параду — заўсёды звяртаць увагу на старую цэглу. Там можа трапіцца шмат цікавага. І вось, на працягу года я знаходзіў старую цэглу з адбіткамі далоні чалавека, са слядамі жывёл. Кажуць, радзей на цэгле сустракаюцца сляды птушак. Мне яны пакуль не трапляліся.
Гэтым разам чарговыя знаходкі чакалі Дзяніса у Ручыцы, на месцы былога маёнтка Агінскіх Ганута, што на Вілейшчыне.
Адну цаглінку верагодна з адбіткамі лап сабакі суразмоўца знайшоў у траншэі, другую — са слядамі ката — у кучы смецця. Вядома, што раней на гэтым месцы стаялі пабудовы маёнтка. А недалёка месціўся палац.
Па словах Дзяніса, на месцы былых уладанняў Агінскіх часам трапляюцца цікавыя знаходкі — рэшткі керамічнага посуду і цэгла. Самыя раннія з іх можна датаваць 17 стагоддзем.
Чытайце яшчэ: На Вілейшчыне знайшлі ўнікальны фрагмент кафлі з гербам Вялікага княства Літоўскага
Адзін з самых велічных маёнткаў Вілейшчыны ў Гануце (сёння вёска Ручыца) пабудаваў 1765 годзе архітэктар з Італіі. Яго запрасіў тагачасны гаспадар Тадэвуш Агінскі. А сядзіба Ганута была, увогуле, вядомая ад пачатку 16 стагоддзя. Маёнтак, пабудаваны ў 1765, складаўся з палаца і гаспадарчых пабудоў. Сёння пра былую веліч нагадвае напаўразбураная капліца, а таксама рэшткі бровара і панскага млына. На месцы палаца — зарослы ўзгорак. Кампазітар і дыпламат Міхал Клеафас Агінскі стаў гаспадаром маёнтка ў 1814, атрымаўшы Гануту ў спадчыну ад сваякоў. Апошнімі уладальнікамі Гануты былі Валовічы. Маёнтак значна пацярпеў у Першую сусветную, але быў адноўлены. Канчаткова Гануту знішчылі ў 1943 годзе. Тады знішчалі шматлікія панскія сядзібы.
Фотаздымкі знаходак забяспечаныя Дзянісам Канецкім.