Дадаць сваю імпрэзу памяці можна праз адмысловую форму на сайце nochpaetau.com.
Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года — трагічная дата беларускай гісторыі ХХ стагоддзя. Тады ў Менску, меркавана ва ўрочышчы Курапаты, былі расстраляныя 108 беларускіх дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі.
Сёння мы называем гэтую дату Ноччу паэтаў і ў гэтыя дні аддаём пашану памяці пра нашых выдатных творцаў, якія былі фізічна знішчаныя тагачасным рэжымам. Але іх памкненне да свабоды творчасці, іх вольны дух, іх авантурызм, эксперыментатарства ў паэзіі і цяпер працягваюць натхняць нашых сучаснікаў.
Штогод 29-30 кастрычніка праходзяць акцыі памяці, літаратурна-музычныя вечарыны, смвалічнымі героямі якіх становяцца нашы расстраляныя паэты. Летась маштаб акцыі перакрочыў межы Беларусі і сягнуў далёка за акіяны. Тады прайшло каля 40 імпрэзаў у 38 гарадах свету.
Ноч паэтаў — памятны час. Сёлета яна праходзіць на фоне няспынных рэпрэсій, у тым ліку культурніцкіх дзеячаў у Беларусі, на фоне ўкраінскай трагедыі. Гэта надае яшчэ большую значнасць падзеі.
Мы памятаем сваіх расстраляных творцаў, спяваем песні на іх вершы і чытаем кнігі. Мы згадваем пра іх не толькі з сумам, але і з удзячнасцю — за тую любоў да жыцця, што і сёння гучыць са старонак старых выданняў, свеціцца на фотаздымках.
Што запланавана сёлета
Цягам усяго кастрычніка на сайт nochpaetau.com будуць дадавацца матэрыялы, прысвечаныя рэпрэсаваным паэтам, на YouTube-каналах партнёраў выйдзе некалькі праграмных відэа (у тым ліку — відэаверсія спектакля «За што» літоўскага рэжысёра Андруса Даралы пра падзеі кастрычніка 1937 года). Таксама запланаваная афлайн-прэзентацыя новага выдання кнігі «(Не)расстраляныя».
Як далучыцца
Вы таксама можаце далучыцца да «Ночы паэтаў». Праз адмысловую форму на сайце nochpaetau.com можна прапанаваць імпрэзу, тым самым дадаць яе на агульную мапу.
Гэта не абавязкова мусіць быць маштабная акцыя. Тэматычная вечарына для сяброў, супольны прагляд фільма, чытанне вершаў у гарадскім парку — таксама форма ўшанавання памяці.
Сачыце за абнаўленнямі на сайце, дадавайце свае імпрэзы на мапу і давайце правядзем Ноч паэтаў разам.