З нагоды Дня нараджэння Мксіма Багдановіча вырашылі ўзгадаць трэкі, створаныя беларускімі музыкамі на словы беларускага класіка.
1. «Пагоня» — гурт «Песняры» (муз. Уладзімір Мулявін)
Безумоўна, самым вядомым музычным творам на словы Максіма Багдановіча з’яўляецца адзін з неафіцыйных гімнаў Беларусі «Пагоня». Існуе некалькі варыянтаў выканання, безліч музыкаў спявалі яго, прапануем узгадаць адзін з самых шчымлівых прыкладаў, створаных Уладзімірам Мулявінам і гуртом «Песняры».
2. Альбом «Вянок» — гурт «Песняры»
Усім, каму даспадобы выкананне «Песняроў», раім паслухаць альбом, дзе сабраныя спевы на вершы Максіма Багдановіча легендарнага ансамбля складаў розных гадоў.
3. «Скандынаўская песня» — Лявон Вольскі
Лявон Вольскі і каманда надалі новае жыццё вершу беларускага класіка ў творы «Скандынаўская песня». Гучыць вельмі арганічна ды гарманічна. Усім, хто яшчэ не чуў, абавязкова раім паслухаць.
4. «Вераніка» — Зміцер Вайцюшкевіч
Песня гурта «Песняры» на словы Максіма Багдановіча ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча была запісаная музыкам у 2014 годзе і атрымала высокую адзнаку як ад аўтара музыкі, Ігара Лучанка, так і ад саміх удзельнікаў залатога складу «Песняроў». Раім паслухаць і вам.
Слухаць па спасылцы.
5. «Слуцкія ткачыхі» — Беларускі хор студэнтаў (муз. Мікола Равенскі)
Аматарам класікі раім звярнуць увагу на твор «Слуцкія ткачыхі» 1951 года ў выкананні Беларускага хора студэнтаў, які ўзначальваў на той час Мікола Равенскі. Ён напісаў музыку да аднайменнага верша Максіма Багдановіча.
Мікола Равенскі — беларускі кампазітар, дырыжор, музычны крытык, які напісаў музыку да шматлікіх вершаў беларускіх паэтаў, аўтар музыкі да гімну Наталлі Арсенневай «Магутны Божа». Міколу Равенскага ў гэты час узгадаць таксама дарэчы, 5 снежня былі ўгодкі і ягоных народзінаў.
6. «Паэт» — гурт «Trubetskoy»
Песня «Паэт» на верш Максіма Багдановіча «Я, бальны, бесскрыдлаты паэт» упершыню пабачыла свет у 2014 годзе на курсах «Мова Нанова». На сам верш у ролі тэкста для песні звярнуў увагу тагачасны гітарыст гурта Уладзіслаў Уладыка, а базавы рыф да трэку прапанаваў тагачасны басіст Алесь-Францішак Мышкевіч. Атрымалася сумная і кранальная балада, якую варта ўзгадаць у гадавіну нараджэння паэта.
7. «Зорка Венера» (музыка Сымона Рак-Міхайлоўскага, словы Максіма Багдановіча).
Музычнае вырашэнне знакамітага рамансу на словы беларускага класіка доўгі час лічылася ананімным, пакуль даследчыкі не вярнулі імя аўтара музыкі. Вядомы грамадскі дзеяч Сымон Рак-Міхайлоўскі стварыў яе ў 1918 годзе. А расстралялі яго ў Мінску 27 лістапада 1938-га.
Хто толькі ў наш час ні выконваў знакаміты твор на верш беларускага класіка. Адно з першых выкананняў належыла ВІА «Дойліды» ў 1970 годзе, спявалі раманс і Песняры, і «Сябры», і Зміцер Вайцюшкевіч, і хор, які сёння нельга называць з-за яго экстрэмісцкага статусу разам з гуртом «Naviband» — усё можна знайсці ў сеціве. Тут жа прапануем паслухаць цікавую фолк-метал версію «Зоркі» ад гурта Znich.
8. «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы..» — гурт «Цмокі»
Гурт «Цмокі» тры гады таму пасля доўгага маўчання прэзентаваў песню на верш Максіма Багдановіча «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы». Паэт напісаў яго ў 1915 годзе. «Гэта свабодны верш, які вельмі лёгка кладзецца на музыку, таму што ў ім — Космас. Спадзяемся, што адчуванне гэтага Космасу мы перадалі і ў нашай песні», — сказаў з нагоды запісу вакаліст гурта Мікола Шакель. Да песні музыкі таксама прэзентавалі відэашэраг, які складаецца з касмічных здымкаў беларускага астранома Віктара Малышчыца.
9. «Маладыя гады» — гурт «Ferris Wheel»
Словы да сваёй песні «Маладыя гады» ска-кор каманда з Мінска ўзяла ў Максіма Багдановіча. Песня была запісаная для дэбютнага альбому «Выбар».
«Гэтыя словы нас скарылі адразу, бо адпавядалі стану душы. Паэт кажа так, як думаем мы: самае галоўнае — гэта маладосць і не пераймайся з таго, што будзе далей. Таму і музыка паклалася на верш цалкам натуральна», — казалі некалі самі музыкі пра свой трэк.
10. «Па-над белым пухам вішняў» — гурт «Deadmarsh»
«DeadMarsh» беларускі метал-гурт з Мінску заснаваны ў 1998 годзе на альбоме «Грані» 2003 года выдаў песню на верш Максіма Багдановіча «Па-над белым пухам вішняў». Атрымалася вельмі кранальна і цікава. Гурт спыніў сваё існаванне ў 2013 годзе, а песня жыве.
11. «Над дахамі» - Алесь Камоцкі
Песня «Над дахамі» на верш Максіма Багдановіча з альбому «Першы сшытак», які запісаў Алесь Камоцкі ў 1986 годзе. Гэты першы альбом беларускай аўтарскай песні ў музычнай гісторыі, якасны запіс якога знайшоўся праз 30 гадоў пасля стварэння.
Песню і сам альбом можна паслухаць тут.
12. Альбом «Mertvets» — гурт «Nielha zabyc’»
Гурт «Нельга забыць» запісаў цэлы альбом «Mertvets» на вершы Максіма Багдановіча. Адметнасць гэтай працы не толькі ў арыгінальным поглядзе на спадчыну паэта, але і ў тым, што ўся музыка была напісаная якраз у той хаце, дзе жыў беларускі класік.
Слухаем па спасылцы.
13. Альбом «Змяіны Цар» — «Віктар Сямашка ды Кумпанія»
Альбом праекта Віктара Сямашкі «Змяіны Цар» цалкам створаны на словы Максіма Багдановіча. Пад імправізаваны акампанемент гучаць як аўтарскія тэксты класіка, так і яго пераклады Верхарна ды Верлена. Некаторыя вершы падаюцца ў «рэміксаваным» выглядзе: чытаюцца ззаду наперад альбо з сістэмна пераблытаным парадкам радкоў.
Альбом слухаем тут.
14. «Песні на словы Максіма Багдановіча» — Праект «Вежа Міру»
У межах праекта «Вежа Міру» шмат год таму беларускія выканаўцы Раман Яраш, Віктар Сямашка і Алеся Сівохіна прапанавалі слухачам сваё бачанне вершаў класіка. Як тое атрымалася, можна пабачыць на відэа ніжэй.
15. «Максім Багдановіч» — Алесь Дзянісаў (сл. Алеся Чобата)
Дзе песні на словы Максіма Багдановіча, там і пра Максіма Багдановіча. Алесь Дзянісаў выдаў альбом «Кароткая Гісторыя Беларусі» на словы Алеся Чобата, дзе шэраг вершаў прысвечаны вядомым постацям беларускай гісторыі. Сярод іх і Максім Багдановіч. Самы час узгадаць і гэты твор.
ПЖ, budzma.org