«Ведаеце, пра што я мару? Каб у Гародні з’явілася опера». Так пачала свой расповед пра жыццё ў Гародні напачатку 2023 пісьменніца Ала Петрушкевіч. З яе словаў, у Гродне ёсць усе ўмовы, каб ставіць оперу, але пакуль адзіны даступны варыянт паслухаць яе — праект TheatreHD у кінатэатры «Чырвоная зорка».
Ала Петрушкевіч у холе гродзенскага драмтэатра
«Мо хто думае — такое ўсё ў свеце дзеецца, а яна марыць пра оперу. Няма хіба больш чаго рабіць? А я вось мару», — кажа літаратарка. Пра імавернасць з’яўлення і патрэбнасць ў Гародні сапраўднай оперы для канала «Тётя Ира разрешила» паразважалі пісьменніца і аматарка мастацтва Ала Петрушкевіч і гісторык і паэтка Святлана Куль.
Прывід оперы па-гарадзенску
«У студзені я была ў тэатры на выступе нашай капэлы і ў чарговы раз падумала: ну як жа зрабіць так, каб усё сышлося, — кажа Ала Петрушкевіч. — Каб у нашым тэатры лялек з’явіліся оперныя спектаклі?» Па яе словах, опера — «гэта мара гарадзенкі, мара, якая даўно жыве ўва мне і пакуль ніяк не можа рэалізавацца».
«Ведаеце, ёсць усё. Ёсць шыкоўная капэла і маэстра Борматаў, і яны робяць сваю справу вельмі прафесійна. Ёсць хор, які сам па сабе ўжо з’ява. У многіх артыстаў такія галасы, што яны і самі маглі б саліраваць. Ёсць аркест, ёсць музыкі. Як нідзе ў Беларусі, у нас ёсць нават [гістарычны] тэатр, што калісьці быў оперным».
Гродзенская капэла. Крыніца здымка — Facebook старонка калектыву
Спадарыня Ала распавяла, што ёсць нават прапановы, якую оперу першай паставіць у Гародні. Музыку напісала кампазітарка Алена Цярэшчанка, а лібрэта скалала паэтка Святлана Куль.
Опера пра беларускіх Рамэо і Джульету
«Лібрэта оперы напісана па маёй паэме «Ян і Мар’яна», — пацвердзіла Святлана Куль. — У аснове сюжэта — рэальны гістарычны сюжэт з Малога Мажэйкава, што пад Гродна. Героі гэтага твора — сапраўдныя беларускія Рамэо і Джульета».
Святлана Куль, гісторык і паэтка. Крыніца фота — асабістая старонка Facebook
Святлана расказала, што неаяк пачула ад кампазітаркі Алены Цярэшчанка, што тая хацела б напісаць оперу на беларускім гістарычным матэрыяле. Паэтка адразу прапанавала ёй «Яна і Мар’яну», а пасля, у супрацы з кампазітаркай, дапрацавала паэму пад умовы оперы.
Па словах Святланы, галоўная тэма твора — няроўнае каханне. Мар’яна там — багатая магнатка, а Ян — бедны шляхціч, што служыць эканомам. Мар’яна пахавала двух мужоў і урэшце страціла апошняга каханка. Яго па сюжэту падманулі і забілі, каб не аддаваць пазычаныя некалі грошы.
«Там ёсць і містыка і фантастыка, і вядзьмарка, і чорная ўдава, і сцэна на могілках, — кажа Святлана. — Але галоўнае, што гэта гісторыя насамрэч адбылася недалёка ад Гродна».
Першым расказаў пра сведчанні тых падзей гісторык Сяргей Данскіх. Святлана Куль знайшла ў архівах некалькі ўдакладняючых дакументаў. Адзінае, што паэтка «прыдумала» па просьбе кампазітаркі — гэта больш аптымістычнае заканчэнне паэмы.
«На справе, гэта трагічная гісторыя, герой у канцы памірае. Гэтага я змяніць не магла, каб не скажаць гісторыі, — тлумачыць паэтка. — Вялікае каханне нашых Рамэо і Джульеты таксама скончылася смерцю. Але у апошняй сцэне оперы вядзьмарка на могілках кажа Мар’яне, што трэба жыць, бо ў яе народзіцца сын».
Новую оперу нідзе не паказалі
Святлана расказала, што яшчэ ў 2014-2015 годзе Алена Цярэшчанка цалкам скончыла працу над операй — распісала ўсе партыі і аркестроўку. «Яна дасыла мне паслухаць — цікава спалучаліся фальклорныя і сучасныя матывы». Каму патрэбна опера
«Мы тыкаліся з прапановай гэтай оперы у мінскія тэатры, але яе ніхто не ўзяў», — кажа Святлана. Тлумачылі, што пастаноўка гістарычных твораў каштуе дорага праз касцюмы і дэкарацыі.
У Гродне кампазітарка паказвала твор Уладзіміру Борматаву. Але максімум, што мог прапанаваць у той час кіраўнік капэлы — паставіць арыі асобнымі канцэртнымі нумарамі.
Камерны хор Гродзенскай капэлы. Крыніца фота — Facebook старонка калектыву
«Так яна ляжыць, гэта опера, нідзе не ставілася, — кажа Святлана. — Але калі б удалося — гэта была б бомба».
Да слова, у суседзяў оперу любяць і гістарычных сюжэтаў не цураюцца. У Беластоку зараз ідзе «Вестсайдская гісторыя» — сучасны пераказ Рамэо і Джульеты, а ў Вільні на два месяцы наперад распрададзеныя квіткі на балет «Барбара Радзівіл» і оперу «Рамэо і Джульету.
Калі ў Гродне няма оперы...
Культурныя падзеі, на меркаванне Алы Петрушкевіч, дапамагаюць перажываць шэрасць і аднастайнасць штодзённасці. Літаратурныя сустрэчы, выставы, спектаклі ў тэатры лялек — тыя падзеі, што яна стараецца рэгулярна наведваць:
«Недарэчна, калі з-за мяжы папракаюць — «вось, яны там жывуць». Так, мы жывем. Бо беларусы заўжды ўмелі ўсміхацца, калі хочацца плакаць».
Што да оперы, то калі гродзенцы не могуць схадзіць у оперны тэатр, то лепшыя оперы свету самі прыходзяць у Гродна.
«Глядзела ў «Чырвонай зорцы» трансляцыю з «Метраполітэн опера». Паказвалі не толькі сам спектакль, але і як акторы збіраюцца, як аркестр настройваецца. А на сцэне — відаць нават міміка, кожны рух і жэст. А зараз іду на Трубадура Вэрдзі ў тэатр «Арэна ді Веронэ».
Сцэна з оперы «Трубадур» праекта TheatreHD
«Гэта так міла, што хоць нейкае адчуванне культуры маем! Бо калі гэтага няма, то і нас няма».