• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
24.03.2023 | Грамадства Музыка

Што паслухаць з беларускай музыкі на Дзень Волі

З нагоды 105-й гадавіны ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі вырашылі ўзгадаць у нашай падборцы некалькі спеваў-сучаснікаў гэтай гістарычнай падзеі, песні на словы тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у працэсе атрымання дзяржаўнасці беларусамі не на апошніх ролях, і некалькі трэкаў сучасных беларускіх музыкаў, напісаных з нагоды 25 сакавіка як даніну памяці і павагі. 


1. «Не загаснуць зоркі ў небе» — на словы Янкі Купалы, музыка Міколы Янчука 

Песня рэвалюцыйна настроенай беларускай моладзі на верш Янкі Купалы, напісаны ў 1911 годзе да пятай гадавіны выдання «Наша Ніва». Выконвалася як гімн беларускіх патрыётаў яшчэ да зацвярджэння гімнам БНР «Ваяцкага маршу». Музыку напісаў Мікола Янчук, паводле некаторых звестак, разам з Міколам Равенскім, якога мы яшчэ сёння ўзгадаем. 


2. «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» — словы Макар Краўцоў, музыка Уладзімер Тэраўскі 

Ужо пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 20-х гадах шырока распаўсюдзіўся гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» паводле верша паэта, настаўніка, журналіста, сябра рады БНР Макара Краўцова «Ваяцкі марш», апублікаванага ў 1919 годзе, які на музыку паклаў Уладзімір Тэраўскі. «Ваяцкі марш» быў зацверджаны як гімн Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1920 годзе, ён выкарыстоўваўся падчас Слуцкага збройнага чыну, непасрэдным удзельнікам якога быў і Макар Краўцоў. Музыка Уладзіміра Тэраўскага вядомая кожнаму беларусу з песні «Купалінка», але не яе, а менавіта «Ваяцкі марш» ён лічыў сваёй візітоўкай: у сваім «Беларускім спеўніку», выдадзеным у 1921 годзе, ён змясціў яго першым. Вядома, што абодва аўтары гімна БНР былі закатаваныя падчас сталінскіх рэпрэсіў канца 1930-х. Але песня гучала, і ў міжваенны час, і падчас Другой сусветнай вайны стала гімнам Саюза беларускай моладзі, і зараз гучыць па ўсім свеце, дзе жывуць беларусы, якія памятаюць свае карані. 


3. «Магутны Божа» — словы Наталлі Арсенневай, музыка Міколы Равенскага 

З часоў Другой сусветнай вайны побач з гімнам БНР гучыць і беларускі духоўны гімн — песня «Магутны Божа» на знакаміты верш Наталлі Арсенневай «Малітва» і музыку Міколы Равенскага. Верш быў напісаны ў 1943 годзе, а Мікола Равенскі паклаў яго на музыку ў 1947-м. Паваенная эміграцыя спявала гэты гімн ва ўсіх беларускіх установах па ўсім свеце не толькі рэлігійных, але і пасля кожнага нацыянальна-культурніцкага мерапрыемства, дзе выконваўся і «Ваяцкі марш» як гімн БНР. Так дайшлі побач і да нашых дзён два гімны: дзяржаўны і духоўны, якія варта ўзгадаць сёння з нагоды гістарычнай даты. 


4. «Ты, мой брат, каго зваць Беларусам» — Вальжына Цярэшчанка (на словы Алеся Гаруна) 

Далей прапануем узгадаць некалькі песняў, напісаных на словы сучаснікаў і непасрэдных удзельнікаў падзеяў 1918 года. Адным з іх з’яўляецца Аляксандр Прушынскі, ён жа Алесь Гарун, сябра Беларускай вайсковай камісіі, кіраўнік Часовага беларускага нацыянальнага камітэта, які ўключаў і чальцоў Рады БНР. Апроч сваёй актыўнай грамадскай дзейнасці, Алесь Гарун быў выбітным паэтам і ў сваіх творах таксама закранаў найбольш значную на той час праблематыку самавызначэння народа, вяртання і адраджэння колішняй велічы тутэйшай зямлі. Акурат у 1918-м выйшаў ягоны зборнік «Матчын дар», найбольш характэрны верш з якога «Беларусам у чатырохлецце Нашай Нівы» праспявала Вальжына Цярэшчанка на сваім альбоме «Хтось крануўся крылаў», выдадзеным у 2003 годзе. 


5. «Жыць для Беларусі. Мелёдыка паэзіі» — песні беларускіх музыкаў на словы Ларысы Геніюш 

Варта сёння ўзгадаць і выдатную складанку-прысвячэнне, выдадзеную ў 2005 годзе, дзе беларускія музыкі спяваюць на словы Ларысы Геніюш. Чаму сёння? А таму што Ларыса Геніюш апроч таго, што з’яўлялася выбітнай паэткай з непахіснай грамадзянскай пазіцыяй, у 1943 годзе паводле апошняга распараджэння прэзідэнта БНР Васіля Захаркі была прызначана Генеральным сакратаром Урада Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні. Яна захавала і ўпарадкавала архіў БНР, апекавалася беларускімі эмігрантамі, палітычнымі ўцекачамі і ваеннапалоннымі. Найбольш каштоўную частку архіву яна пераправіла ў недасягальнае для савецкіх карных органаў месца, праз што прайшла ціск, допыты, катаванні, але звестак пра архіў так і не выдала.

6. «Сынкі мае!» — Андрэй Мельнікаў (словы Алесь Змагар) 

Далей узгадаем песню Андрэя Мельнікава на словы ўдзельніка Слуцкага паўстання, у 1949 годзе выконваючага абавязкі першага сакратара Рады БНР у выгнанні, выбітнага беларускага паэта і нацыянальнага дзеяча Аляксандра Яцэвіча, які больш вядомы пад псеўданімам Алесь Змагар. Верш прысвечаны таксама падзеям, якія адбываліся ў час утварэння БНР, і актыўнаму іх ўдзельніку Станіславу Булак-Балаховічу, які пэўны час узначальваў асобны атрад войска БНР. Верш напісаны ў лістападзе 1920 года, акурат у час, калі пачалося антыбальшавіцкае паўстанне на Случчыне. 


7. «Станіслаў Булак-Балаховіч» — Алесь Дзянісаў (на словы Алеся Чобата) 

Песня з сольнага альбома Алеся Дзянісава «Кароткая гісторыя Беларусі», запісанага ў 2017 годзе на словы паэта са Скідзеля Алеся Чобата. Альбом праводзіць слухача праз усю гісторыю Беларусі, згаданая песня, як і папярэдняя, таксама прысвечана Станіславу Булак-Балаховічу, хоць і неадназначнай постаці ў беларускай гісторыі, але вельмі важнай і для прызнання БНР паўнавартаснай дзяржавай з уласным войскам, да стварэння якога Булак-Балаховіч, гісторыкам яшчэ спрачацца з якіх прычынаў, але ж спрычыніўся. 

8. «БНР (Незалежна Беларусь)» — Piarevaracien 

Далей пяройдзем да песняў-прысвячэнняў і больш святочнай часткі. Аматарам фолк-металу даспадобы прыйдзецца трэк «БНР» гурта Piarevaracien з альбома 2008 года «Торны шлях», словы якога адсылаюць да шанавання тых, хто здабываў незалежнасць нашай краіне, да іх каштоўнасцяў ды веры. Паводле сваёй музычнай часткі трэк — трушны фолк-метал для аматараў олдскульнага гучання, са сваёй арыгінальнай атмасферай, задуменны, таямнічым, лірычным уступам і драйвовай кодай. Гурт сумясціў гучанне акустычных інструментаў і цяжкіх гітараў, народных матываў і класічнага металу. 

9. «Героі не паміраюць» — Лявон Вольскі 

Цягам апошніх некалькі год, бадай на кожны Дзень Волі, Лявон Вольскі робіць падарунак сваім слухачам у якасці новага трэку, відэа ці канцэрту. Так і пяць год таму да стагоддзя БНР, якое маштабна святкавалася па ўсёй краіне, Лявон Вольскі запісаў лірычную песню «Героі не паміраюць», прысвечаную ўсім тым, хто змагаўся, будаваў, набліжаў, верыў, спадзяваўся і любіў. «Усім тым, хто быў задоўга да нас, тым, хто ішоў поруч з намі, і тым, хто пойдзе па гэтым шляху пасьля нас», — выказаўся музыка з нагоды тагачаснага рэлізу.


10. «25 сакавіка» — Зміцер Вайцюшкевіч 


У 2020 годзе з нагоды 102-й гадавіны са дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і Зміцер Вайцюшкевіч прэзентаваў свой драйвовы трэк, прысвечаны значнай даце. Словамі для песні музыка абраў верш Уладзіміра Някляева, калабарацыі з якім у спевака атрымліваюцца выключна ўдала. Яшчэ з нагоды свята таксама раім узгадаць і ранейшы, больш лірычны трэк Змітра Вайцюшкевіча, прысвечаны Дню Волі — «Беларусь Жыве!» — таксама на верш Уладзіміра Пракопавіча, напісаны дзесяць год таму. 

Святкуйма разам і слухайма беларускую музыку! 

Аглядальнік, budzma.org

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Замежжа

Цімаці Снайдэр стане голасам Алеся Бяляцкага ў арт-інсталяцыі Андрэя Курэйчыка на Оslo Freedom Forum 2023

Праграма Праваабарончага фонду (HRF) «Мастацтва ў пратэсте» з гонарам прадстаўляе выставу «Галасы Новай Беларусі»...

valiancina_shauchenka
Вандруем разам

Тэст для вандроўнікаў па Беларусі

Любіш вандраваць па Беларусі і цікавішся гісторыяй роднага краю? Адкажы на пытанні нашага тэста ды правер свае...

valiancina_shauchenka
Вандруем разам

«Кругасветка» на ровары. Топ-10 веламаршрутаў па Беларусі

3 чэрвеня ў свеце адзначылі Дзень ровара. Беларусь — выдатнае месца для велападарожжаў: палі і лясы не знаходзяцца...

valiancina_shauchenka
Музыка

Гурт «ŠUMA» зрабіў сваю версію «Купалінкі» і абвесціў конкурс рэміксаў на яе

Гурт «ŠUMA» прадставіў сваю версію «Купалінкі». Таксама музыкі абвесцілі конкурс рэміксаў на яе з узнагародай...

Апошнія навіны

    Замежжа
    Цімаці Снайдэр стане голасам Алеся Бяляцкага ў арт-інсталяцыі Андрэя Курэйчыка на Оslo Freedom Forum 2023
    Вандруем разам
    Тэст для вандроўнікаў па Беларусі
    Вандруем разам
    «Кругасветка» на ровары. Топ-10 веламаршрутаў па Беларусі
    Музыка
    Гурт «ŠUMA» зрабіў сваю версію «Купалінкі» і абвесціў конкурс рэміксаў на яе
    Літаратура Асоба
    Тры цікавыя факты пра раман Элізы Ажэшкі «Дзікунка»
    Літаратура
    Міжнародны паэтычны флэш-моб: Сяргей Харэўскі чытае «Пагоню» Багдановіча
    Навіны "Будзьма!" Гісторыя за 5 хвілін
    Як Гедымін сталіцу ВКЛ у Вільню перанёс? Вандруем у мінулае з “Гісторыяй за 5 хвілін”
    Грамадства
    Культура за кратамі. Хроніка рэпрэсій у дачыненні да дзеячаў культуры за апошні тыдзень
    Культура Замежжа
    У Варшаве адбудзецца Першы Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі
    Грамадства Замежжа
    З музея Івана Луцкевіча ў Вільні скралі скрынку з ахвяраваннямі. Музею трэба дапамога
    Кіно
    Скарбонка беларускага кіно. «Акупацыя. Містэрыі» — культавы фільм, які быў забаронены ў Беларусі, бо вычышчае савецкія штампы пра вайну
    Гісторыя Асоба
    Цяжкая праца, сціплая ежа, гарэлка: жыццё сялян вачыма Сыракомлі
    Культура Літаратура
    Топ-3 смешных выпадкаў з Янкам Купалам
    Замежжа
    Пра сучасны белліт без цэнзуры і купюр. На кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта пачынаецца прыёмная кампанія
    Грамадства
    Праект Women in Tech, які навучае жанчын і дзяўчат ІТ-прафесіям, адзначае паўгода працы. Распавядаем пра першыя вынікі

Афіша

  • 07.06

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Купалаўцы граюць спектакль «Шэпт» у Кракаве

  • 07.06 — 18.06Выстава «Калі яго парушыць, яно становіцца адчувальным» у Вільні
  • 07.06 — 18.06Выстава выцінанкі Наталлі Каньковай у Віцебску
  • 07.06 — 18.06Выстава «Abstract» у Віцебску
  • 07.06 — 18.06Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»
  • 07.06Pop-up store беларускіх мастакоў у Мінску
  • 07.06 — 08.06 Выстава Анастасіі Рыдлеўскай «Nothing Left» у Познані
  • 07.06 — 10.06«Past Garden». Выстава Рамана Камінскага ў Варшаве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Таму што мы — беларусы». Як выхоўваць дзіця па-беларуску за мяжой і не толькі?
    • Мелказёраў: я не баюся быць тупаком
    • Паглядзіце, якія выцінанкавыя стыкеры зрабіла мастачка Вольга Бабурына
    • Топ-3 смешных выпадкаў з Янкам Купалам
    • Тэст для вандроўнікаў па Беларусі
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип