Кніга — гэта не толькі тэкст. Найбольш красамоўна сведчыць пра тое шматгранная дзейнасць вялікага асветніка з Полацка Францыска Скарыны. «Мінск-Навіны» прапануюць адчуць каларыт эпохі.

Вялікае ў малым
Мінулы год у культурнай галіне быў пазначаны прыгожымі лічбамі: 505 гадоў споўнiлася «Псалтыру» — кнізе, што стала пунктам адліку гісторыі беларускага друка, і паўтысячагоддзя — «Малой падарожной кніжцы». За той і іншай адна і тая ж постаць — асветнік з Полацка Францыск Скарына. І калі «Псалтыр», выдадзены ў Празе ў 1517 годзе, лічыцца першай кнігай, надрукаванай на ўсходнеславянскай мове, «Падарожная», убачыўшая свет ў 1522 годзе ў Вільні, — першай на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.
Асобнік апошняй пяць год таму набыў для краіны «Белгазпрамбанк»: рарытэт выкупілі з прыватнай калекцыі. Не так даўно кнігу можна было ўбачыць у сталічным Палацы мастацтва, куды больш за два месяцы клікалі «Шляхі Скарыны». Куратар выставачнага праекта Аляксандр Зінкевіч распавядае:
— «Малая падарожная кніжка» — зборнік, пад адной вокладкай якога звыш за 20 твораў. Наш асобнік — адзін з найбольш поўных з усіх, што захаваліся: маем 18 частак. Асобнікаў без страт, на жаль, не засталося: усе, што ёсць па розных краінах, непоўныя.
Аснова кнігі — Псалтыр і Часаслоў, падмурак штодзённага багаслужэння. Гарманічнае дапаўненне — шэраг канонаў ды акафістаў. Гэта праваслаўная літургічная традыцыя, хаця кім па веравызнанні быў сам Скарына, мы не ведаем.
«Кніжка», як мяркуюць спецыялісты, друкавалася для школ і хатняга чытання. Яна ўдвая меншая па фармату за пражскія выданні — крыху больш за 13 санціметраў у даўжыню. Гэта робіць яе зручнай для падарожнікаў. Зносіць цяжкасці вандроўкі пакліканы дапамагаць і выкананыя з мастацкім густам гравюры, застаўкі ды ініцыялы. Асобныя кнігі-часткі суправаджаюцца пасляслоўямі Скарыны: да яго так не рабіў ніхто.
І «ціснуць», і прадаваць
— Толькі ўдумайцеся: за перыяд з 1437-га, калі пачаў друкаваць Гутэнберг, па 1500-й у Еўропе ўбачылі свет 40 тыс. выданняў агульным накладам 13 млн асобнікаў. Да сённяшняга дня дажылі 137 тыс., то бок 1 %, — інтрыгуе А. Зінкевіч. — Гадаю, не надта памылюся, калі скажу, што і па кнігах Скарыны, якія захаваліся, прыкладна тая ж прапорцыя — 1–2 % ад агульнага тагачаснага тыража.
Навукоўцы гавораць, што ў свеце сёння 520 адізнак Скарынавых кніг. Згодна з прапорцыяй атрымліваецца, што дзейнасць асветніка з Полацка магла прынесці ў свет мінімум 52 тыс. асобнікаў. Лічба, зразумела, недакладная, аднак дае магчымасць уявіць маштаб працы.
Канешне, вялікая справа наўрад ці магла рабіцца ізалявана ад часу і яго тэндэнцый. Узорам для «Малой» мог служыць «Зборнік для падарожнікаў», выдадзены парай гадоў раней друкарняй Вукавіча ў далёкай Венецыі. Гэта сведчыць пра цесныя трансеўрапейскія кантакты той эпохі. Дошкамі і шрыфтамі ў Вільні Скарына, падаецца, карыстаўся тымі ж, што і ў Празе. Паперу выкарыстоўваў хутчэй за ўсё нямецкую — што і ў іншых тагачасных выданнях. Тэкст — у два колеры, чорны і чырвоны, што па-наватарску, бо рэдка якое выданне тае пары ў нашым рэгіёне было двухколерным. Малы памер кніг — знак часу: існавала запатрабаванасць у кампактным фармаце. Такімі ў літаральным сэнсе малымі, сведчаць спецыялісты, была большасць друкаваных выданняў таго перыяду: кніга — гэта, акрамя ўсяго, тавар, і прадаваць было не менш высокім мастацтвам, чым «ціснуць».
— Тэхналогія друку да гэтага часу была ўжо зразумелая, станкоў у Еўропе налічвалася шмат. На першы план выходзіла пытанне акупнасці праектаў. Немала было выдаўцоў, што друкавалі адну кнігу і банкрутавалі, а станкі, матрыцы, формы пераходзілі ва ўласнасць іншай тыпаграфіі, — перадае атмасферу эпохі А. Зінкевіч. — Зрабіць такі станок у 1520-е гады не было ўжо нейкай рэвалюцыяй, а вось каналы збыту, маркетынг — тое, над чым трэба было працаваць. Адсюль, дарэчы, і перакладанне кніг, бо дамінавалі лацінскамоўныя, а люд жадаў чытаць на мове простай.
Друкаваная кніга, дадае спецыяліст, была значна танней, чым рукапісная. Дапамагалі ксілаграфія, эстамп — старонкі ў такіх выданнях друкаваліся з аднаго боку. З двухбаковым друкам кніга была, канешне, даражэйшай. Друкарскі станок тых часоў, дарэчы, узнавілі — арыгінальных чарцяжоў, зразумела, не захавалася. Дакладную рэканструкцыю выканаў гісторык Уладзімір Ліхадзедаў. Варштат працуе — можна хоць зараз дарабіць працу Скарыны, дадрукаваўшы тое, што згубілася.
Ваяры ў латах і жнецы ў капялюшах
Гравюр у «Малой падарожнай» няшмат. Але і тых, што ёсць, дастаткова, каб, мілуючыся, забыцца пра час. Усе Скарынавы гравюры — а іх каля паўсотні — выкананы, лічаць спецыялісты, ў традыцыях заходнееўрапейскага мастацтва, аднак вылучаюцца самастойнасцю.
— Даследчыкі гавораць, што ілюстрацыі «Кніжкі» адрозніваюцца ад пражскіх — ёсць меркаванні, што ў дадзеным выпадку гравюры выразалі па эскізах Скарыны, — дзеліцца А. Зінкевіч. — Увогуле ж усё, што мы можам гаварыць пра асветніка з Полацка, пазначана салідным шарам загадкавасці — ніхто зараз не зможа атрыбутаваць розныя аспекты яго дзейнасці дастаткова дакладна.
Графічныя працы Скарыны гучаць у незвычным тэмбры, калі сабраны разам. Аднак і дэманстраваць іх непроста, бо яны невялікія і шматдэталёвыя. Выхад знайшлі ў факсіміле — павялічаных копіях арыгінальных гравюр. Іх выканалі мастакі Канстанцін Вашчанка ды Аляксандр Зінкевіч. Не абышлося і без адкрыццяў.
— Часта здараецца, — гаворыць А. Зінкевіч, — што графіка пры маштабаванні, ужываючы словка з лексікона спецыялістаў, сыплецца. А працы Скарыны, калі іх павялічваеш, наадварот, становяцца больш уражаючымі з пункту гледжання пластыкі ды вобразнасці. Уся ягоная графіка вельмі аўтарская. Гэта, зноў жа такі, прадмет асобнага і, відавочна, працяглага даследавання.
Сюжэты гравюр, можна сказаць, класічныя, і калі ведаць біблейскія тэмы, усё зразумела. Ці толькі так падаецца? Вось Саламонаў храм: ён у некалькі ярусаў, з вежамі ды балконамі. А вось аблога Іерусаліма войскам Навухаданосара, побач полкі ізраільскія — і там, і там жаўнеры ў рыцарскім адзенні, шаломах ды панцырах. Жанчыны народу ізраільскага — у сярэднявечных еўрапейскіх строях, а жнецы — у каларытных капялюшах.
— Чалавек у тыя часы фармаваў погляды, не будучы нагледжаным, — тлумачыць А. Зінкевіч. — Гэта цяпер у інтэрнэце практычна па любым пытанні можна назапашыць велізарны аб’ём матэрыялу, а раней чалавек глядзеў на свет праз пэўны набор слайдаў успрымання жыцця. Гэта тычыцца і нямецкага, і італьянскага Адраджэння, калі яго прадстаўнікі «апраналі» класічныя сюжэты ў «адзенне» сваёй рэчаіснасці. Такія працы ніколі не прэтэндавалі на тое, каб быць гістарычным даследаваннем ці дакладным адлюстраваннем эпохі.
А вось пераход цераз Іардан: на рацэ валы хваляў — вельмі цікавая аўтарская знаходка. А. Зінкевіч каменціруе:
— Унікальнасць мастака вызначаецца адметнасцямі трактоўкі вобраза, хай гэта нацюрморт ці пейзаж, або, напрыклад, каларыстычнай палітрай, тэхнікай пісьма: заўсёды будуць адметныя рысы. Калі глядзім на гравюры Скарыны, бачым, што яны адрозніваюцца ад гравюр заходнегерманскіх графікаў. Яны мякчэй, душэўней. Не магу сказаць, што яны такія вось народныя, лубачныя, батлейныя, але адрозніваюцца прыкметна. І яны дастаткова суцэльныя. Часам глядзіш на працы нейкага мастака: яго штарміць, кідае з боку ў бок — і не заўсёды гэта праява пошуку новага стылявога рашэння. Гледзячы ж на працы Скарыны розных гадоў, бачна, што хоць і з пэўнай карэкцыяй на ўзрост, але выкананы яны аднім чалавекам. Яны вельмі суцэльныя па ўспрыманні і манеры штрыха.
Галоўнае — ідэя
Ці стаяў Скарына ля станка? Можа, быў ён пераважна менеджэрам, а за ўсім, што мы бачым у яго кнігах, — праца мноства таленавітых ананімаў?
— Любому менеджэру, калі ўжо брацца за такую тэрміналогію, — а ён сапраўды менеджэр, бо стварыў прадпрыемства — неабходна тэставаць вынікі працы, то бок ля станка пабываць яму адназначна давялося, — упэўнены А. Зінкевіч. — Разам з тым я далёкі ад думкі, што ён аднаасобна цягнуў на сабе ўвесь тэхналагічны працэс. Мне здаецца, Скарына быў у гэты працэс пагружаны максімальна, але шмат чаго рабілі й іншыя. Гравюры ж — гэта, думаю, яго асабістае, хоць і ёсць меркаванні, што ў некаторых ягоныя толькі эскізы. Калі карыстацца катэгорыямі постмадэрну, аўтарства не вызначае канкрэтная рукатворная праца: галоўнае — ідэя, трактоўка, а пытанне рэзкі, тэхнічны працэс — гэта, можна сказаць, выносіцца за дужкі.
Словам, Скарыну трэба вывучаць і вывучаць. Найлепшы спосаб, раіць А. Зінкевіч, — ладзіць і адведваць выставкі:
— Калі глядзіш у аб’ёме, гэта зусім іншая гісторыя: бачыш, як змянялася пластыка, трактоўка вобразаў. І калі паставіць некалькі прац побач — выразна адчуваеш, што гэта адна рука, адна энергія.
Асветнік з Полацка, спадзяёмся, яшчэ не раз пакліча ў выставачны зал. Тым больш што неўзабаве — праз нейкія два гады — будзем адзначаць паўтысячагоддзе іншай яго пярліны — «Апостала».