• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
29.12.2022 |

Таталітарны постмадэрн супраць фрэскі ў Солах: збіць яе як даніну моманту ці захаваць як факт эпохі?

Можа, у перадсвяточныя дні паляванне на ведзьмаў крыху б супакоілася — балазе і падстаў для яе няма, і шашлыкоў з гарэлкай хочацца тым, хто так працаваў увесь год. Але ёсць ініцыятыўныя грамадзяне, што не ведаючы стомы, ледзь не штодня выводзяць на чыстую ваду ворагаў народа і іх памагатых, піша Ян Бертановіч на сайце «Свободные новости».


Сярод нядаўніх аб’ектаў атакі — марка з сінічкай. Баюся, каб гэта пракаментаваць, у мяне не хопіць пачуцця гумару.

Іншая справа — фрэска на сцяне касцёла ў вёсцы Солы, што на Смаргоншчыне. Тут усё больш сур’ёзна — закрануты даволі складаныя аспекты беларуска-польскіх адносін. Магчыма, у кагосьці ўзнікне пытанне: а раптам тут яны маюць рацыю? Паспрабуем разабрацца.

Хто ж нас падзяліў?

Пра тое, што ў храме, які з’явіўся ў гады Другой Рэчы Паспалітай, ёсць шматфігурнае адлюстраванне «цуду на Вісле», вядома было даўно. Экскурсаводы падносілі гэта як нейкую «цікавостку» — свайго роду кур’ёз. Мясцовыя прывыклі і не звярталі ўвагі. Да таго ж, паспрабуй ты разглядзець, хто там з кім б’ецца ў аддаленай ад вернікаў алтарнай частцы.

Дарэчы, на супрацьлеглай сцяне намалявана абарона Яснагорскага манастыра ад шведаў у 1655 годзе. Нават дзіўна, чаму Стакгольм на гэта да гэтага часу не пакрыўдзіўся. Бо на фрэсцы забіваюць шведскіх салдат — удзельнікаў спецаперацыі па дэкаталізацыі Польшчы.

soly-shvedy-freska.gif

Так усё і далей працягвалася б, калі б не пільная журналістка — з загалоўкам пра забойства савецкіх салдат. Яна знайшла незадаволеных мясцовым ксяндзом парафіян (якая тут розніца, што яны казалі пра рамонт даху, а не пра фрэску?), запісала з пробашчам размову і правяла паралелі з ксяндзамі з партызанскай Арміі Краёвай (вы хіба не ведаеце, што гэта яна ваявала ў 1920 годзе пад Варшавай?).

Ну ды добра, пляваць на дробныя нестыкоўкі, давайце пра галоўнае. Можа, фрэска неяк датычная да пакутаў нашага народа ад польскіх паноў, якія прапагандысты раз-пораз парываюцца ахрысціць модным сёння словам «генацыд»?

У сваім сюжэце журналістка сцвярджае, што менавіта пасля Варшаўскай бітвы здарыўся падзел Беларусі. Так, ролю «цуду на Вісле» ў гэтай кампаніі сапраўды складана пераацаніць, але ўсё ж варта ўспомніць аб тым, што непасрэдным папярэднікам Рыжскага міру стала наступная, Нёманская бітва, якую гэтак жа бяздарна прайграў Тухачэўскі. Плюс да гэтага — прагматычны разлік бальшавікоў і нярадасны для іх агульны стан спраў на розных франтах.

Ленін, дарэчы, быў гатовы Пілсудскаму і ўсю Беларусь аддаць. Але той не ўзяў. Вырашыў, што лепш здавольвацца каталіцкім захадам (які палякі спадзяваліся з часам асіміляваць), чым мець унутры дзяржавы вялізнае іншароднае цела

Гэта я да пытання аб вінаватых у падзеле. Тут да месца прыгадваюцца вядомыя радкі Коласа:
«Нас падзялілі — хто? Чужаніцы,
Цёмных дарог махляры».
Класік, як мы бачым, ніводны з бакоў асабліва не вылучыў.

Ці крыж, ці будзёнаўка

Аднак Варшаўскую бітву дарэчы разглядаць не толькі ў кантэксце самой савецка-польскай вайны (і тым больш беларускай гісторыі). Трэба прыгадаць, што бальшавікі ўспрымалі Польшчу як плацдарм для сусветнай рэвалюцыі. І калі б сыход бітвы быў іншым... тады цудоўны касцёл у Солах наўрад ці пабудавалі б.

soly-chudo-nad-vislovj-freska.gif

Пра тое, у што ператваралі касцёлы бальшавікі, усім цудоўна вядома. Таму не варта дзівіцца, што людзі рэлігійныя ўспрымалі гэтую бітву не толькі як пэўную гістарычную падзею, але і як перамогу светлых сіл над цёмнымі. А магчымасць такіх алегорый і абумовіла з’яўленне сюжэту на сцяне храма.

Ваяўнічыя бязбожнікі сапраўды гэтак жа мелі поўнае права інтэрпрэтаваць падзеі той вайны па-свойму — чым актыўна і займаліся. Мастацкіх твораў на гэтую тэму створана хоць гаць гаці, алегорыі там свае

Увогуле, меркаванні падзяліліся — па цалкам зразумелых прычынах. Але выбіраючы, за каго мы сёння будзем тапіць у гэтай гісторыі, трэба ці крыж надзець, ці будзёнаўку зняць. А не маляваць Хрыста са сцягам СССР — як варыянт замены фрэскі ў Солах.

Убачыўшы такую карцінку на экране смартфона (а пэўныя блогеры нядаўна посцілі яе актыўна), любы камісар Заходняга фронту тут жа пацягнуўся б да маўзера. Але эпоха, калі і спірт пілі неразведзеным, і метанаратывы змешваць было не прынята, здаецца, беззваротна прайшла. Таталітарны постмадэрнізм — гэта ўжо не аксюмарон.

«Неабходнасць безумоўнага захавання»

Ну ды Бог ім суддзя. Мы ж звернемся да тэмы куды больш прыземленай. Наколькі знішчэнне фрэскі адпавядае не клічу супярэчлівай ісціны, а сухой літары беларускага закону? Бо пра яго так часта ўспамінаюць праўдалюбы, са смакам цытуючы артыкулы аб экстрэмісцкай дзейнасці.

Касцёл Маці Божай Ружанцовай у Солах з’яўляецца помнікам матэрыяльнай спадчыны 2 катэгорыі (агульнанацыянальнае значэнне). Зрэшты, яго фрэскі асобна ў Дзяржаўным спісе не адзначаны. Няўжо з імі можна рабіць усё, што заўгодна — збіваць, дамалёўваць...

soly-rospis-sten.gif

Напэўна, не. Адкрыўшы Кодэкс аб культуры, мы прачытаем, што «дзейнасць, якая можа аказваць уздзеянне на матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, павінна ажыццяўляцца з улікам неабходнасці безумоўнага захавання адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных (падкрэслена мной — Я.Б.) вартасцей гэтых культурных каштоўнасцяў».

Фрэска з’явілася адначасова з самім касцёлам і цалкам сабе адлюстроўвае ідэйныя павевы свайго часу. Сапраўды гэтак жа, як савецкі неакласіцызм складана нават уявіць без серпаста-малаткастага дэкору

Пра тое, што гэтая архітэктура вартая жыцця, спрэчак, на шчасце, ужо практычна не ўзнікае. І літаральна ўсе, хто яе вывучаюць, рэстаўруюць і прасоўваюць, настойваюць і на захаванні таго самага манументальнага складальніка.

Ніводнага камуніста сярод гэтых людзей я не ведаю. Наадварот, амаль усе яны прытрымліваюцца радыкальна іншай пазіцыі. Але разумеюць, што

спадчына ёсць спадчына, і яна дыктуе свае законы. Таму нельга проста ўзяць і збіць серп і молат, каб замяніць яго, скажам, Пагоняй. Гэта метадалагічна няправільна ў любым выпадку!

Гэтую спадчыну можна рэінтэрпрэтаваць (успомнім утапічны Горад СОНца Артура Клінава) і рэкантэкстуалізаваць — скажам, дапаўняючы паказ саміх аб’ектаў дадатковай інфармацыяй аб «шчаслівым» жыцці ў ГУЛАГу. Але вось збіваць — ні ў якім разе.

Мяркую, да такога ж рашэння прыйдзе і любы прафесійна адэкватны навуковы кіраўнік, якому даручаць няпростую місію ў Солах — а без яго ўдзелу правядзенне работ на аб’екце спадчыны забаронена катэгарычна.

Згодна з тым жа Кодэксам, «навукова неабгрунтаванае змяненне нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi i пагаршэнне ўмоў яе ўспрымання» дапускаецца толькi ў выпадку лiквiдацыi наступстваў стыхiйных бедстваў або ўзброеных канфлiктаў.

Зразумела, што зараз не да законаў. Але гэта я так, проста нагадаць.

...Дарэчы, прапаную яшчэ адну тэму для добрага сюжэту. На сцяне іншага касцёла ёсць фрэскі, якія дыскрэдытуюць расійскую армію і сведчаць аб тым, што разня ў Бучы — гэта далёка не самая нахабная фальсіфікацыя ворагаў (бывалі выпадкі і больш хвацкія). Але зафарбоўваць гэты насценны жывапіс не трэба: сам хутка асыплецца. Або абрынецца разам са сценамі, якія ўжо не першае дзесяцігоддзе чакаюць рэстаўрацыі.

Ян Бернатовіч, «СНплюс»

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Афіша Літаратура

Ужо заўтра адбудзецца анлайн-прэзентацыя рамана Шчэпана Твардаха “Кароль” у беларускім перакладзе

У межах цыклу «Санаторый пад клепсідрай» на старонцы «Прастора польскай культуры» 30 сакавіка а 15:00BY/14:00PL у прамым...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Невядомыя беларускамоўныя тэксты з атачэння Кастуся Каліноўскага у новым нумары «Homo Historicus 2023».

Пабачыў свет сёмы том гадавіка антрапалаічнай гісторыі «Homo Historicus». Навуковы часопіс пад рэдакцыяй гродзенскага гісторыка...

valiancina_shauchenka
Кіно

Воля Чайкоўская: «Беларускае кіно — самабытнае, аўтэнтычнае, рызыкоўнае. Яшчэ — вельмі каштоўнае, таму што знаходзіцца на мяжы выжывання. Яго практычна як від можна заносіць у Чырвоную кнігу»

У пачатку сакавіка прадзюсарка і рэжысёрка Воля Чайкоўская разам з камандай фестывалю «Паўночнае ззянне» запусціла...

valiancina_shauchenka
Мастацтва

Вясна перадусім! Выстава Лявона Тарасэвіча ў варшаўскай галерэі Monopol

Галерэя Monopol — гэта невялікае памяшканне ў цэнтры польскай сталіцы. Дзве залы, адна з іх зусім невялікая, таму...

Апошнія навіны

    Афіша Літаратура
    Ужо заўтра адбудзецца анлайн-прэзентацыя рамана Шчэпана Твардаха “Кароль” у беларускім перакладзе
    Гісторыя
    Невядомыя беларускамоўныя тэксты з атачэння Кастуся Каліноўскага у новым нумары «Homo Historicus 2023».
    Кіно
    Воля Чайкоўская: «Беларускае кіно — самабытнае, аўтэнтычнае, рызыкоўнае. Яшчэ — вельмі каштоўнае, таму што знаходзіцца на мяжы выжывання. Яго практычна як від можна заносіць у Чырвоную кнігу»
    Мастацтва
    Вясна перадусім! Выстава Лявона Тарасэвіча ў варшаўскай галерэі Monopol
    Грамадства
    «Як мама і педагог я вельмі прашу слухаць і чуць дзяцей!» Тры гісторыі пра булінг і гвалт
    Культура Літаратура
    Аўтапартрэт у шаўковай кашулі. Словы пра самога сябе, як ты разумееш
    Культура
    У Юрмале адкрылася выстава «Крэатыўная рэвалюцыя. Беларусь 2020»
    Замежжа
    У Каралеўскім замку ў Варшаве працуе выстава «Каханне і абавязак. Студзеньскае паўстанне 1863 года»
    Грамадства
    «Пагоня» не з’яўляецца «экстрэмісцкім» сімвалам
    Тэатр
    Спектакль «Пачупкi» РТБД атрымаў галоўную ўзнагароду тэатральнага форуму «М@RT.Кантакт» у Магілёве
    Музыка
    Годныя песні: топ-5 Сержука Доўгушава
    Мастацтва
    «Я страціў зрок на адно вока і, калі гляджу на прадмет левым вокам, бачу татальную абстракцыю». У Мінску распачалася выстава Захара Кудзіна
    Гісторыя
    Якую каву любіў Вітаўт, або Пра карысць устойлівай міфалогіі
    Мастацтва
    «Малюю наша жыцце». У Рызе адкрылася выстава мастачкі Вольгі Якубоўскай
    Гісторыя
    Першы крок – падпісаць фатаграфіі ў сямейным альбоме: як пазнаваць гісторыю

Афіша

  • 29.03

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Ганна Янкута і Ігар Крэбс у Вільні

  • 29.03 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 29.03 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 29.03 — 31.03Выстава, прысвечаная мастаку кіно Яўгену Ганкіну, у Мінску
  • 29.03 — 31.03«У краіне мар». Выстава, прысвечаная Канстанцыі Буйло, у Мінску
  • 29.03 — 30.04Выстава «Ян Вермеер» у Мінску
  • 29.03 — 02.04Выстава Усевалада Швайбы і Тамары Дзяменцьевай «Узы меж нами» ў Гродне
  • 29.03 — 30.04 «Партрэт часу»: калекцыя жывапісу Белгазпрамбанка ў Магілёве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Адкуль мы ўзяліся: 7 кніг пра нашу гісторыю
    • Міты Другой Сусьветнай вайны. Да дня спаленьня Хатыні
    • Унучка пакаранага паўстанца, якая стала адной з самых вядомых у свеце жанчын-хірургаў
    • Што паслухаць з беларускай музыкі на Дзень Волі
    • «Пагоня» не з’яўляецца «экстрэмісцкім» сімвалам
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип