Самыя вялікія беларускія буслянкі знаходзяцца ў вёсках Друя, Малая Берастовіца і ў Аршанскім раёне, піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».
У еўрапейскім конкурсе на самае вялікае і самае цяжкае гняздо белага бусла, мы пісалі пра яго раней, было прапанавана 27 буслянак. Арганізатары абралі 10 самых-самых. У ліку пераможцаў — трое ўдзельнікаў з Беларусі.
Для таго, каб даведацца масу гнязда, яго не трэба было ўзважваць — навукоўцы стварылі спецыяльны калькулятар. Ён вылічвае прыкладную масу гнязда на аснове ўведзеных памераў — яго дыяметра і вышыні.
На фота аднаго з пераможцаў, Юрыя Шакеля, гняздо буслоў дыяметрам 2,5 метра і вышынёй 1,5 метра!
Буслы аблюбавалі адну з ацалелых сцен старога бровара ў вёсцы Друя Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці і зрабілі там сваё шыкоўнае гняздзечка, у якім штогод выводзяцца птушаняты.
Усе буслы штогод надбудоўваюць гняздо. Шматузроўневыя буслянкі вельмі цяжкія: трохгадовае гняздо можа важыць больш за 200 кілаграмаў, а вельмі старое — больш за 800 кг!
Чытайце таксама: 7 цудаў Друі: гайд ад «Будзьма!»