Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія» са спасылкай на «некалькі незалежных адна ад адной крыніц».
Некалькі незалежных адна ад адной крыніц паведамляюць, што улады змусілі каталіцкі Касцёл аплаціць велізарны рахунак КУП «Мінская спадчына» за «амартызацыю касцёла і падаткі на карыстанне зямлёй». Квота сумы невядомая, але дакладна што ўлетку 2020 г. каталіцкая супольнасць была вінна 156 тыс. рублёў і яшчэ 13 тысяч павінна была плаціць штомесяц.
Меркавана адной з дадатковых умоваў мясцовых уладаў з’яўляецца змяшчэнне кс. Уладзіслава Завальнюка з пасады кіраўніка парафіі.
Чытайце яшчэ: Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк стаў дворнікам пры Чырвоным касцёле
Нагадаем, у ноч на 26 верасня ў храме здарыўся загадкавы пажар. Гэта стала нагодай для таго, каб зачыніць Чырвоны касцёл і перастаць пускаць туды вернікаў.
Касцёл св. Сымона і св. Алены ў Мінску, больш вядомы ў народзе як Чырвоны касцёл. Храм знаходзіцца на пл. Незалежнасці, побач з Домам урада і з’яўляецца адным з сімвалаў сталіцы Беларусі. Будынак касцёла, пабудаваны ў 1910 годзе на сродкі мецэната Эдварда Вайніловіча, пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці не быў перададзены абшчыне, але знаходзіўся ў яе бязвыплатным карыстанні. У 2013 г. храм быў замацаваны на праве гаспадарчага ведання за КУП «Мінская спадчына». Менавіта гэтая арганізацыя апавясціла абшчыне вернікаў аб скасаванні дамовы карыстання.