Праект «Кніжны воз» падрыхтаваў адмысловы калядны падарунак для сваіх слухачоў — аўдыяверсію «Казкі пра тое, як Святога Міколу забаранялі» пісьменніцы Наталкі Харытанюк. Гэта новая калядная казка з Беларусі і пра Беларусь.
Кніга Наталкі Харытанюк з чароўнымі ілюстрацыямі Лізаветы Ганчаровай нарадзілася год таму, напярэдадні Калядаў. 32 старонкі з безліччу маленькіх дэталяў і паралельных гісторый — жыццё старога гораду з усімі яго каляднымі ўспамінамі, нутром дамоў, бачным праз вокны, катамі і іншымі жывёламі, схаванымі ў самых нечаканых кутках Берасця.
Кніга з’явілася, дзякуючы збору на Фэйсбук, на якім 127 спонсараў падтрымалі выданне. І вось цяпер, зноў напярэдадні Раства, «Кніжны воз» прэзентаваў беларускую аўдыяверсію кнігі.
Друкаваная кніга выйшла ў пачатку снежня 2022-га года ў польскім выдавецтве «KEW» (Калегіюм Еўропы Ўсходняй, Вроцлаў). Электронная версія дасяжная на трох мовах: беларускі арыгінал, украінскі пераклад Вячаслава Лявіцкага і па-ангельску ў перакладзе Шамаля Ратнаяка.
«Падарунак не заслугоўваюць — яго вучацца бачыць. У гэтым — усё мастацтва. Без гэтага і цуд — не цуд», — словы з кнігі, якія не зашкодзіць надрукаваць тлустым шрыфтам і для многіх дарослых
Кнігу агучылі Алег Гарбуз і Крысціна Дробыш. Музыка Аляксандры Грахоўскай.
А пра тое, як стварался казка распавядае сама аўтарка:
Аўдыяказка адметная яшчэ і тым, што гэта першая серыя праекту «Кніжны воз», выдадзеная дзякуючы падтрымцы слухачоў!
«Што гэта, як не сапраўдны цуд на Каляды! — справядліва заўважаюць стваральнікі „Кніжнага возу“. — Некалькі месяцаў таму мы адкрылі свой рахунак. І вось яны, першыя кнігі, запісаныя цалкам за сабраныя сродкі! Мы бясконца ўсцешаныя, што наша справа сапраўды патрэбная і цікавая. Не тое, каб мы сумняваліся ў гэтым, але ўпэўненасць наша ўзрасла да неба!»