Суполка BELARUSITY, што займаецца перакладам гульняў на беларускую мову, цалкам пераклала знакамітую гульню S.T.A.L.K.E.R.: Цень Чарнобыля (S.T.A.L.K.E.R.: Shadow of Chornobyl).
BELARUSITY — суполка рупліўцаў, што паставілі на мэце пашыраць беларускую мову і рабіць камп’ютарныя гульні даступнымі для беларусаў.
Гульня распавядае пра выжыванне ў Зоне - вельмі небяспечным месцы, дзе гульцу давядзецца баяцца не толькі радыяцыі, анамалій і шкодных мутантаў, але і іншых сталкераў, якія маюць свае мэты. Давядзецца разгадаць таямніцу не толькі гэтага свету, але і мінулага Стральца — галоўнага героя, які страціў памяць.
Пераклад гульні быў апублікаваны 23.03.24, у гонар 17-годдзя з дня выхаду Shadow of Chernobyl у Еўропе. Арыгінальны тэкст змяшчае 70000 слоў.
Гульцам даступныя дзве версіі — кірыліцай і лацінкай. Спампаваць пераклад можна па спасылцы.
Уся гульня была цалкам перакладзеная адным чалавекам без выкарыстання штучнага інтэлекту. Перакладам займаўся стваральнік суполкі Кастусь Кудраўскі. Таксама сярод аўтараў беларускай лакалізацыі зазначаныя рэдактарка Аліна Салавейка і Сымон Кастоўскі, які займаўся напісаннем кода.
Каманда BELARUSITY лічыць, што гульні — папулярная і важная частка культуры. На жаль, праз адсутнасць беларускай лакалізацыі беларусы вымушаныя гуляць, выкарыстоўваючы замежныя мовы, якімі часам не валодаюць на дастатковым узроўні.
«Мы замянілі ўсе адсылкі на расейскую культуру нэўтральнымі або беларускімі адпаведнікамі дзеля адаптацыі. Гульня ня стане горай, калі выпадковыя сталкеры ня мецімуць мянушкаў «Сусанин», «Чапаев», «Кутузов» ці «Штирлиц». Або калі тры адсылкі на расейскую літаратуру зьнікнуць з дыялёґаў. Верым, што беларусам будзе прыемна пабачыць у гульні знаёмыя вобразы, а ўкраінцы будуць з намі салідарныя», — зазначае стваральнік суполкі.
«Каб гульня адчувалася жывою, мы напоўнілі свой пераклад самавітымі беларускімі словамі, трапнымі выразамі й іншымі залацінкамі; пастараліся ўжыць самыя разнастайныя адметы беларускае мовы.
Мы замянілі ўсе адсылкі на расейскую культуру нэўтральнымі адпаведнікамі, каб скасаваць шкодны пост-каляніяльны сындром. Верым, што гэта ня ёсьць часткаю гэтае гульні. Думаем, аўтары будуць з намі салідарныя.
Мы ўжываем клясычны правапіс беларускае мовы БКП-2005, бо ўважаем, што ён лепш перадае беларускую мову на пісьме,» — зазначаецца на сайце праекта.
Пераклад гульняў патрабуе рэсурсаў, таму суполка плануе збіраць грошы на пераклад і агучку пэўных гульняў. Ужо зараз ім можна дапамагчы на Buy me a coffee.