Днямі вілейскіх краязнаўцаў усцешылі чарговыя знаходкі на месцы аднаго з былых маёнткаў. Самая каштоўная — кафля меркавана 16-17 стагоддзяў з фрагментам «Пагоні», распавядае «Рэгіянальная газета».
— Паказваў фотаздымак знаходкі археолагам. Усе — у шоку. У адзін голас кажуць, што кафля з фрагментам выявы герба Вялікага княства Літоўскага — вельмі рэдкая, унікальная для Беларусі знаходка. Аналагаў — адзінкі. Вядома, што такая кафля была ў Полацкім замку, — расказаў віляйчук, краязнаўца Дзяніс Канецкі.
Археолагі таксама адзначылі, што такая выява на кафлі — паказчык таго, што ў маёнтку жыў вельмі заможны род. Вядома, што маёнтак пэўны час належаў роду Глябовічаў. А згодна з дакументамі, яны пакінулі гэтае месца якраз у канцы 17 стагоддзя.
Па словах Дзяніса, цяпер абмяркоўваецца наданне ўчастку статусу археалагічнага помніка. Таксама магчымае правядзенне раскопак вясной.