Пасля «аксамітных рэвалюцый» 1989 г. у першыя посткамуністычныя гады над краінамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы навісаў прывід міжнацыянальнай розні. Надта ўжо цяжкі і працяглы гістарычны досвед варажнечы мелі за сабой народы рэгіёна. Як вырашалі праблему новыя посткамуністычныя ўлады, якія меры прафілактыкі міжнацыянальных канфліктаў прымалі, распавядаем у артыкуле.
Вукавар. Харватыя. 11.11.1991 г. Фота: pc.org.ua
Пры камуністах таталітарная ўлада нікому не давала падняць галавы, а тут прыйшла свабода і чакалася, што вось-вось пачнуць ажываць старыя нацыянальныя крыўды. Праўда, сур’ёзнай апоры ў нацыяналізмаў ужо не было, бо пасля Халакоста, масавых паваенных перасяленняў, нацыянальныя меншасці ў большасці краін рэгіёна складалі не больш за 5% ад усяго насельніцтва.
Меры для прафілактыкі міжнацыянальных канфліктаў
Новыя посткамуністычныя ўлады прынялі, можна сказаць, надзвычайныя меры для прафілактыкі міжнацыянальных канфліктаў. Гэта былі ўжо дэмакратычныя рэжымы, і праблему яны вырашалі адпаведнымі для дэмакратыі метадамі, менавіта стварэннем разбудаванай сістэмы аховы правоў і прывілеяў нацыянальных меншасцяў на двух узроўнях: міжнародным і нацыянальным. Агулам гэта ўдалося, за выключэннем былой Югаславіі — у «балканскім катле» дайшло да крывавых міжнацыянальных войнаў.
Найбольшая актыўнасць у такой заканатворчасці прыйшлася на перыяд посткамуністычнай трансфармацыі — 90-я гады ХХ ст. У 1992 г. Рада Еўропы ўхваліла «Еўрапейскую хартыю рэгіянальных моваў ці моваў меншасцей», а ў 1995 г. — «Рамачную канфенцыю аб абароне нацыянальных меншасцяў». АБСЕ ў 1992 г. стварыла пасаду Вярхоўнага камісара па справах нацыянальных меншасцяў, які працуе метадам «ціхай дыпламатыі»: манітаруе сітуацыю ў еўрапейскіх краінах, заранёў папярэджвае ўрады пра магчымае міжнацыянальнае абвастрэнне і прапаноўвае прыняць адпаведныя меры.
Вярхоўны камісар АБСЕ па нацменшасцях Кайрат Абдрахманаў (Казахстан). Фота: МЗС Казахстана
Таксама хапала і іншых больш лакальных міжнародных пагадненняў, як, напрыклад, у межах «Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы» (СЕI) ці двухбаковых дамоваў суседніх дзяржаў пра ўзаемнае шанаванне сваіх нацыянальных меншасцяў. Але прыняцце адмысловых законаў — адметнасць найперш краінаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы (беларускі «Закон аб нацыянальных меншасцях» быў прыняты 11.11.1992 г.).
Прычына такой асаблівай увагі да гэтага пытання крыецца ў цяжкай і часта трагічнай гістарычнай памяці, а таксама ў рэфлексіі новых палітычных элітаў, менавіта своеасаблівым «пачуцці віны», адказнасці за неталерантную асіміляцыйную палітыку іх папярэднікаў у міжваенны перыяд.
Фестываль нацыянальных меншасцяў у Празе. 2023 г
Цікавая гісторыя такога закона ў посткамуністычнай Польшчы. Гэтая краіна пасля вайны стала самай хамагенічнай ў рэгіёне: сёння няпольскія насельнікі складаюць каля 3,5% агулу жыхароў краіны, а прызнаныя афіцыйна нацменшасці — менш за 1%. Нягледзячы на гэта, дыскусіі аб законе аб нацменшасцях пачаліся яшчэ з часоў «Салідарнасці».
Ужо ў 1989 г. у першым дэмакратычным парламенце была створаная пастаянная «Камісія па нацыянальных і этнічных меншасцях», якая праз шматгадовыя дыскусіі, прапановы, праекты (сойм неаднакроць адпраўляў іх на дапрацоўку) усё-такі давяла справу да канца. У выніку «Закон ад 6 студзеня 2005 г. аб нацыянальных і этнічных меншасцях і рэгіянальнай мове» атрымаўся надзвычай узважаным і дэталізаваным, з дакладнай дэфініцыяй тэрмінаў і спісам этнічных супольнасцяў, якія ахоўваюцца і падтрымліваюцца польскай дзяржавай.
Галоўным крытэрыем прызнання і падтрымкі (у тым ліку вывучэння мовы і фінансаванне культурніцкіх арганізацый) нацыянальнай ці этнічнай меншасці з’яўляецца яе жаданне захоўваць сваю адметнасць, а таксама прысутнасць на тэрыторыі Польшчы не менш ста гадоў (апошнім «адсякаюцца» г. зв. новыя эміграцыйныя дыяспары).
Нацыянальныя і этнічныя меншасці Польшчы
Асаблівасці закона аб нацыянальных меншасцях у Польшчы
Падтрымка, у тым ліку фінансавая, даволі істотная, а дакладны спіс абароненых супольнасцяў блакіруе павелічэнне колькасці фінансаваных дзяржавай этнічных меншасцяў. Ахвотных увайсці ў гэты спіс нямала (у Польшчы, як у любой краіне, шмат гістарычных рэгіёнаў), але дамагчыся таго яшчэ нікому не ўдалося. Напрыклад, актывісты найбольш шматлікай этнарэгіянальнай супольнасці сілезцаў (585,7 тыс. паводле апошняга спісу насельніцтва) не змаглі гэта зрабіць нават праз Еўрапейскі суд па правах чалавека.
Падобныя законы, больш ці менш дэталёва распрацаваныя, прынятыя ва ўсіх краінах ЦУЕ. Тым не менш практыка апошніх трох дзесяцігоддзяў паказала, што «добрыя старыя нацыяналізмы» нікуды не падзеліся. Нават ва ўмовах дэмакратычнага грамадства, пад аховай разбудаванага комплексу заканадаўчых актаў нацыянальныя меншасці таксама могуць прыцясняцца, праўда, ужо не адкрыта, а апасродкавана, часта па-ціхаму. Але тое ўжо іншая гісторыя...
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Нацыянальныя меншасці, ад нелюбові да спагады. Частка 1: Усе супраць усіх
Нацыянальныя меншасці, ад нелюбові да спагады. Частка 2: Выгнанне на «гістарычную радзіму» «спосабам людскім» і нялюдскім
Нацыянальныя меншасці, ад нелюбові да спагады. Частка 3. Мёртванароджаны «сацыялістычны народ»