«У зямлі могуць быць падмуркі і нейкія цікавыя сляды ад палаца Чартарыйскіх, камяніцы Валовічаў і, магчыма, друкарні Радзівіла». Сваімі здагадкамі наконт размяшчэння Берасцейскай друкарні беларускі гісторык Мікола Волкаў падзяліўся на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
Берасцейская Біблія багата ўпрыгожаная гравюрамі і іншым кніжным дэкорам. Фота: «Літфонд»
«Адным з самых цікавых помнікаў старажытнага Берасця можа стаць мураваны будынак на заходнім баку рынка, вядомы як палац Чартарыйскіх. Трое прадстаўнікоў гэтага роду ў XVIII ст. былі берасцейскімі войтамі. Але справа нават не ў тым, што гэта сядзіба гарадскога кіраўніцтва.
На гэтым месцы ў сярэдзіне XVI ст. быў двор пушкара Марка Зубрыцкага. Пазней, у канцы XVI ст. тут пабудаваў камяніцу Астафей Валовіч, і яна, верагодна, нават бачна на малюнку Эрыка Дальберга 1657 г. Гэтую камяніцу пад свой палац і перабудавалі князі Чартарыйскія.
План старога Брэста, накладзены на спадарожнікавы здымак Брэсцкай крэпасці. У кружочку — меркаваны палац Чартарыйскіх. Фота: фэйсбук Міколы Волкава.
Але самае інтрыгуючае тое, што, верагодна, менавіта тут знаходзілася тая самая першая ў Беларусі друкарня, дзе пабачыла свет знакамітая берасцейская біблія», — напісаў Мікола Волкаў.
Пасля смерці бяздзетнага Марка Зубрыцкага яго пляц адыйшоў манарху, а распараджаўся ім фактычна мясцовыя стараста Мікалай Радзівіл Чорны. Пазней друкарня спыніла працу, і пляц мог адыйсці Валовічу.
«Наколькі я разумею, на гэтым месцы ў часы расійскай крэпасці ХІХ-ХХ стст. нічога не будавалася, таму ў зямлі могуць быць падмуркі і нейкія цікавыя сляды ад палаца Чартарыйскіх, камяніцы Валовічаў і, магчыма, друкарні Радзівіла», — адзначае гісторык.