У лепшы свет адыйшоў таленавіты беларускі мастак і музыкант Васіль Пачыцкі, паведамляе тэлеграм-канал «Беларуская музыка». Яму было 57 гадоў.
Васіль Пачыцкі нарадзіўся ў Рэчыцы і там жа пачаў маляваць, скончыўшы мясцовую мастацкую школу. Яго працы выстаўляліся ў розных кутках свету — ад Масквы да Нью-Йорку. А сам ён казаў пра сябе так: «Мастакі дзеляцца на здольных, таленавітых і геніяльных. Я — геній і гэта вялікая адказнасць».
Васіль Пачыцкі быў не толькі мастаком, але і музыкантам. У яго быў свой гурт — «Перебор», які запісваў немудрагелістыя, але вельмі трапныя песні.
«Адна з маіх любімых, з радкамі «Ребяты, шухер, менты». Я хачу вам паказаць запіс канцэрту гурта «Перебор» на Дзень касманаўтыкі ў 2016 годзе. Склад гурта вельмі цікавы — Вася Пачыцкі, Ілля Чарапко-Самахвалаў, Сяргей Сакалоў і Арцём Залескі. Два чалавекі з гэтага складу ўжо не жывуць.
Паглядзіце гэты канцэрт. Паслухайце музыку, якую пісаў Васіль. Паглядзіце на яго працы. Ён марыў пра шчаслівае жыццё без вайны. Мара так і засталася марай...», — напісаў Аляксандр Чарнуха.