Зрабілі для вас падборку цікавых рэлізаў, якія адбыліся ў беларускіх музыкаў за восень.
Iva Sativa, сінгл «Дзікунка».
Насамрэч, сінгл «Дзікунка» выдадзены спявачкай напрыканцы лета, але ж без Івы ў падборцы сучаснай беларускай музыкі нам нікуды. У адносна свежай працы пачуем, як элементы фолка ў амаль роўных прапорцыях удала спалучаюцца з хіп-хопам, што характэрна для творчасці выканаўцы. Увогуле Іва радавала слухача сістэмнасцю і якасцю працы ў гэтым годзе, пачынаючы ад своечасовых рэлізаў трэкаў і відэа на іх, сканчваючы жывымі выступамі як у сталіцы, так і ў рэгіёнах.
Аkute, альбом, «Напалову тут».
Напалову тут ўжо шосты альбом Аkute. Ён уражвае цікавым гучаннем, эмацыйна чапляе хістаннямі настрою ад лірыкі да больш яскравых пачуццяў. Магчыма гэта самы запамінальны альбом гурта, які арганічна спалучае ў сабе як класічны рок, так і сумежныя жанры. Хлопцы працягваюць эксперыментаваць з гучаннем і стылямі, але гэта застаецца ўсё тым жа пазнавальным стылем Акутаў.
РСП, сінгл «Ровар».
Сінгл «Ровар» гучыць вельмі характэрна для творчасці РСП, тут сумная іронія аб навакольным свеце — асноўная фішка тэкстаў гурта, аздобленая сакавітай «трасянкай», спалучаецца з рокавымі матывамі. Рэліз вельмі блізкі ўсім, хто быў вымушаны эміграваць з краіны цягам апошніх год.
Naviband, сінгл «Печаль».
«Наві» выдаліі першы за доўгі час сінгл на рускай мове пад назвай «Печаль». Трэк мінімалістычны, цалкам адпавядае характарнай для гурта стылістыцы якаснай беларускай поп-музыкі. Усім, хто любіць прыгожыя, сумныя балады рэліз прыйдзецца даспадобы. Паглядзець кліп на трэк можна тут.
Піт Паўлаў, альбом «Zbroja. Zołata. Kabiety».
14 лістапада адбылася прэм’ера на стрымінгах альбома Піта Паўлава «Zbroja. Zołata. Kabiety». Сольны альбом музыкі складаецца з 13 трэкаў, якія прысвечаны прыгодніцкім гісторыям з аўтабіяграфічных твораў Сяргея Пясецкага. Менавіта раманы Пясецкага натхнілі Піта Паўлава на напісанне тэкстаў для сваёй сольнай працы.
Nochy, сінгл «Праз ціхі акіян».
Гурт «Nochy» прыхільнікі называюць новым подыхам у беларукай музыцы. Апошнія трэкі, напісаныя паводле вельмі актуальных перажыванняў, музыкі стварылі па-беларуску, атрымалася кранальна і вельмі трапна адносна пачуццяў, якія перажывае вялікая колькасць людзей апошнім часам. У кастрычніку музыкі выпусцілі кліп на песню «Любоў», а напрыканцы лістапада сінгл «Праз ціхі акіян».
Aureli, міні-альбом «2 дні і 2 ночы», сінгл «Нібыта».
Аматарам індзі-рока варта звярнуць увагу на выканаўцу Aureli, у якога напачатку восені выйшаў EP «2 дні і 2 ночы». «Увосень халады паступова бяруць сваё. Але я прапаную ўзгадаць сонечныя летнія дзянькі і акунуцца ў цёплае гучанне новых песень. Яны пра тыя моманты, якія мы імкнемся захаваць і да якіх вяртаемся. Яны пра ўтульнае, цёплае і мілае сэрцу. Зрэшты, паслухайце — і вы зразумееце», — піша музыка з нагоды рэлізу свайго EP.
А свежы сінгл выканаўцы мае назву «Нібыта». «У гэтай песні я спрабаваў перадаць пачуццё трывогі, якая паступова, але няўхільна нарастае. Пачуццё, калі ты не можаш заснуць ноччу, бо не ведаеш, што будзе заўтра. Страх і няўпэўненасць, якія могуць раптам знерухоміць цябе ў пэўны момант...», — піша пра свой рэліз музыка.
Аляксандр Ясінскі, альбом «Hlybini».
30 верасня беларускі баяніст Аляксандр Ясінскі выпусціў свой першы сольны альбом, які называецца «Hlybini». 10 атмасферных кампазіцый, інспіраваных філасофіяй падарожжаў, музыка запісаў на сваёй хатняй студыі ў Празе, дзе ён жыве і працуе з 2011 года. Новая кружэлка нарэшце прэзентавала Ясінскага як саліста.
«Мае рэлізы выходзілі даўно, але гэта ўсё былі гурты», — тлумачыць удзельнік праектаў Razam, Shum Davar, Iva Marešová, Bosae Sonca і шматлікіх іншых. «Я доўга думаў, якім чынам гэты альбом запісваць — уласныя творы, каверы ці 50 на 50. Спыніўся на ўласных». Першыя запісы Ясінскі зрабіў у 2019-ым, а праз тры гады музыкант ужо шукаў выдаўцоў. Альбом «Hlybini» выйшаў на англійскім лэйбле Riverboat Records.
На трэк «In Freedom and Dignity», які быў запісаны з зоркамі арт-року — гітарыстам Ройнэ Столтам (Roine Stolt) і бубначом нямецкага паходжання Марка Мінеманам (Marco Minnemann). Мастак і музыка Андрусь Такінданг зрабіў анімаваны відэакліп.
Gregory Neko, альбом "Emergent Drama".
Варты ўвагі рэліз для аматараў электроннай музыкі: ад тэхна да драм-н-бэйса, электроншчына эксперэментальна і нечакана спалучаецца тут з саксафонам. Матэрыял можа падацца яшчэ сыраватым, але ўсё кампенсуецца творчым падыходам і густоўным спалучэннем музычных рашэнняў у межах абранай стылістыкі. Апроч альбому раім паслухаць трэк Рыгора Харанэка з Валерыяй Валадзько «Пахне чабор».
J:МОРС, сінгл «Вiкторыя».
Вядомы беларускі гурт J:МОРС выдаў лірычны трэк з назвай «Вікторыя». Тэкст і музыка належаць аўтарству саліста гурта Уладзіміру Пугачу. «Чым больш зла і несправядлівасці выпадае на нашу долю, тым больш мы прыціскаемся адзін да аднаго. Тым ярчэй нам падаецца святло ў канцы шляху. Тым мацней мы спадзяемся і верым у каханне. Пра гэта мы маўчым. Пра гэта мы гаворым адзін з адным. Аб гэтым і спяваем... Песня «Вiкторыя» – яна пра боль, страту, але, разам з тым, пра блізкасць, надзею і моц светлых пачуццяў», – апісвае Уладзімір Пугач гэтую песню.
Groovestone, сінгл «Лістапад».
«Гэты трэк прысвечаны маладому мастаку, жыццё якога нечакана абарвалося адным восеньскім днём. Нават калі ў чалавека шмат ідэй і творчых планаў, шмат энергіі і часу, каб іх рэалізаваць, шмат блізкіх і сяброў, адзін нечаканы момант можа ўсё змяніць. Кожны з нас, хаця бы раз у жыцці, страчваў блізкага чалавека, сваяка альбо сябра. Але яны будуць існаваць, пакуль застаюцца жывымі ў нашай памяці, у нашых думках», —каментуюць свой рэліз музыкі. Да песні гурт выдаў прыгожы маляваны кліп.
Groovestone створаны ў 2020 годзе, калі чацвёра мінскіх музыкаў сабраліся, каб выконваць свае любімыя хіты эпохі гранжу. Наступным этапам у жыцці гурта стала напісанне ўласных кампазіцый. Зараз музыкі цалкам сканцэнтраваныя на падрыхтоўцы першага міні-альбома.
Віктар Сямашка, альбом «Ad mora da».
Музыка і паэт Віктар Сямашка выклаў другі Net-bonus да новай кнігі вершаў. Рэліз складаецца з 4 сегментаў:
— сольныя імправізацыі на духавых, запісаныя на берагох Чорнага і Балтыйскага мораў ды паміж імі, у віленскім Зарэччы;
— фотаздымкі, зробленыя падчас гэтых гукасесіяў;
— кліп, зняты на Куршскай касе;
— тэкст — серыя вершаў «Ad mora da».
Аўтар сведчыць: «У верасні-кастрычніку 2011 года давялося праехаць у літаральным сэнсе «ад мора да мора» па маршруце Ніда — Крым праз Вільню. Матэрыял, зафіксаваны падчас гэтае «экспедыцыі», набыў мультымэдыйную форму. Апрацоўка і упарадкаванне запатрабавала вялікага часу — па сутнасці, чвэрці жыцця».
Спампаваць альбом з усімі апісанымі матэрыяламі можна тут.
The Superbullz, сінгл «Šlach damoŭ».
Алесь-Францішак Мышкевіч з камандай парадавалі прыхільнікаў сінглам «Šlach damoŭ». Што тычыцца гучання, варта адзначыць якасную аранжыроўку, шчыльнаcць гучання, заўважаецца змена стылю гурта, заігрыванне ў альтэрнатыву накшталт Nickelback, але па-свойму. Трэк абавязкова зрэзануе тым, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь цягам апошніх гадоў.
Працяг будзе.
П.Ж., budzma.org