• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
28.12.2022 |

Слова году, радасць году, праект году — вынікі 2022 ад Альгерда Бахарэвіча

Пра тое, чым запомніўся адыходзячы 2022 год, піша на сваёй старонцы ў facebook Альгерд Бахарэвіч.


321751088_943091636678699_1286706912604799130_n.jpg

У 2022-м мае кнігі ў Беларусі прыбіралі з кнігарняў і бібліятэк, каб і духу не было, а раман «Сабакі Эўропы» суд Менскага раёну прызнаў экстрэмісцкім матэрыялам і забараніў (зрабіўшы кнігу першым літаратурным творам, афіцыйна забароненым у РБ). 

І хоць гэта было прадказальна, але я ўпершыню сутыкнуўся з такой штукай, як «поўная забарона на прафэсію». У 2022-м прапаганда параўноўвала мяне з Гітлерам і Гамсунам, пагражала тым, хто будзе мяне выдаваць або ставіць на сцэне, называла «сбежавшім манкуртом» і прарочыла, што мы з жонкай памром «скатамі». 

У 2022-м прыйшло выразнае і непазьбежнае разуменьне, што я — бяздомны пісьменьнік-палітычны эмігрант зь вельмі цьмянай будучыняй, пашпартам дурной і небясьпечнай дзяржавы-ізгоя, аўтар, які піша на прывіднай мове і вымушаны прадзірацца празь бясконцыя заходнія стэрэатыпы. У 2022-м зьнікла шмат непатрэбных ілюзій адносна гэтага сьвету і зьявілася адчуваньне, што новых ужо ня будзе. 

У 2022-м я пісаў збольшага розную публіцыстыку, якая друкавалася ў розных эўрапейскіх выданьнях. Але ўсё ж даў рады напісаць і кніжку апавяданьняў: «Ператрус у музэі». 

321618122_6017214848341460_4913690893729758101_n.jpg

321942826_721401999161745_1800737020644546191_n.jpg

У 2022-м у ЗША выйшаў мой раман «Дзеці Аліндаркі» ў New Directions, а польскі пераклад «Сарокі на шыбеніцы» трапіў у шорт-ліст прэміі «Ангелус». У Францыі ў Le ver a soi выйшла мая кніжка «Талент заіканьня і іншыя тэксты пра фашызм». У 2022-м у выдавецтве «Вясна» выйшаў мой першы зборнік вершаў: «Вершы». У 2022-м выйшла новае, чацьвертае (або шостае) выданьне «Сабакаў Эўропы» і перавыданьне «Апошняй кнігі пана А.». 

321449717_669686978216122_3255899459062287323_n.jpg

Так і ня выйшла кніга «Хлопчык і сьнег». Так і ня выйшла на паперы «Плошча Перамогі».

У 2022-м мы зь Юляй шмат лёталі, езьдзілі, начавалі ў гатэлях і чыталі са сцэнаў, спрачаліся і наогул: гаварылі. Агулам: 55 выступаў у 24 гарадах, разам і паасобку, але часьцей разам. 

321787552_541850364532258_4693894182233626034_n.jpg
Альгерд Бахарэвіч з жонкай Юляй Цімафеевай

Чым бы ні быў 2022-і год, для нас ён дакладна ня быў годам маўчаньня. І хоць я значна больш люблю пісаць, чым гаварыць, у такія цёмныя часы галоўнай актыўнасьцю сталася менавіта маўленьне. Не пра такую камунікацыю са сьветам я марыў, але так яно ёсьць, і што тут зробіш. Умееш, можаш, не баішся гаварыць — дык не маўчы.

Таму і пачну з прамоўленага слова.

Слова году

Словам году, без сумневаў, трэба назваць слова «Украіна». У ім усё: змаганьне і нязломнасьць, боль і надзея, людзі, якіх паважаю і люблю, якім спачуваю і якім зычу міру і перамогі. Знаёмствы з усё новымі і новымі ўкраінцамі і ўкраінкамі, сустрэчы з тымі, каго ведаў раней. Чароўнае слова. Я паўтараў яго на розных мовах у розных гарадах, пісаў яго і нават выкрыкваў — і навокал не было нікога, хто застаўся б да яго абыякавы. Украіна. Украіна. Украіна, якая змагаецца за сваю свабоду і за ўвесь вольны сьвет. 

Радасьць году

Галоўнай радасьцю году, безумоўна, быў выхад на волю нашых родных з лукашэнкаўскай турмы ў кастрычніку. Яны адседзелі ўвесь тэрмін — паўтара году. Маладыя, прыгожыя, таленавітыя. Цяпер яны ўжо не палітвязьні, турма іх не зламала — але хто верне ім гэты скрадзены час, хто заплаціць за псыхалягічныя раны, хто адкажа за несправядлівасьць... 

Страты году

Іх было шмат. Цудоўны Серж Мінскевіч, паэт, перакладчык, музыка, стары сябар, сышоў улетку. Далікатны і пранізьлівы, разумны і востры чалавек Тэатру Аляксей Стрэльнікаў сышоў у сьнежні, за ім — касьмічны і загадкавы мастак Алесь Родзін. Памятайма пра іх. 

Кніга году

У 2022 я прачытаў каля 80 электронных кніг — калі дадаць папяровыя, будзе блізу ста. А кнігамі году без усялякіх ваганьняў абвяшчаюцца наступныя:

У галіне паэзіі: паэтычны фотаальбом-білінгва «Менск. Горад, якога мне не стае» Юлі Цімафеевай (edition fröhlich, Berlin) — настальгічнае выданьне пра мой родны туманны і шэры горад, дзе краса і жыцьцё прабіваюцца праз пустоты і цемру, горад супраціву, горад-прывід, горад-верш, той Менск, які ўжо ня вернецца, але які застаецца ў нас саміх. Такой кнігі апошнія гады вельмі не хапала — і вось яна ёсьць і зьдзіўляе сваіх чытачоў у розных краінах. Менчукоў — і тых, хто ніколі ў Менску не бываў. Гэтая кніга — шпацыр па горадзе Цемры, горадзе Слоты і Сьнегу, Горадзе Ценяў і Адбіткаў. 

322252521_1184422875769133_2960546447085898590_n.jpg

У галіне перакладу: 

двухтомнік Мойшэ Кульбака, дзе сабраная ўся ягоная паэзія — унікальныя, важкія, важныя кнігі, што выйшлі ў праскім выдавецтве «Вясна». Тонкі, лірычны, вандроўны, сьмелы, трагічны, іранічны, яўрэйскі і напраўду неімаверна беларускі Мойшэ Кульбак намаганьнямі перакладчыка Сяргея Шупы цяпер вярнуўся ў тую краіну Беларусь, у якой жыў і якую сьніў, куды вяртаўся. Але мусім памятаць і тую Беларусь, дзе ён быў забіты і забыты — на шчасьце і дзякуючы «Вясьне», не назаўжды.

Найлепшыя кнігі злучаюць у сабе мінулае, цяпершчыну і будучыню. Найлепшыя кнігі прыходзяць да нас надоўга, а не да сямі трыццаці вечара. Найлепшых кніг заўсёды будзе вобмаль.

Выдаўцы году

Тут без пытаньняў. Праскае выдавецтва «Вясна» і Андрэй Янушкевіч. Дзякуючы ім беларуская літаратура сёлета працягвае жыць, зьдзіўляць і прыцягвае ўсё больш чытачоў у розных краінах. Андрэй Янушкевіч зазнаў перасьлед праз сваю выдавецкую дзейнасьць, кнігарня «Кнігаўка» ў Менску была зьнішчаная ў дзень адкрыцьця, беларускае кнігавыданьне было разгромленае, але адрадзілася. «Вясна», нягледзячы на тое, што гэта ўсё ж маленькае выдавецтва, выдала сёлета вельмі важныя кнігі. У тым ліку — новае шыкоўнае выданьне «Сабакаў», «Апошняй кнігі пана А.» і «Воўчыя ягады», за што ім дзякуем ня толькі мы, а ўсе тыя, хто чытае іх у выгнаньні. 

Чытач(ка) году

Каго мне тут назваць... Мо тую незнаёмую дзяўчыну, якая прачытала мне ў чэрвені верш «Памяці інжынэра Гарына» на памяць каля ўваходу ў люблінскі тэатр Юліюша Астэрвы? Доўгі верш з «Сабакаў» — без запінкі? А я стаяў і слухаў, як загіпнатызаваны. Ці ўсё ж усіх тых чытачоў, якія прыходзілі і прыяжджалі, часам за сотні кілямэтраў, да нас на імпрэзы ў Грацы, Вене, Бэрліне, Гамбургу, Варшаве, Любліне, Уроцлаве, Парыжы, Вільні, Празе, Заграбе, Рыецы, Ляйпцыгу і іншых гарадах, слухалі, пыталіся, куплялі кнігі, стаялі ў чэргах па аўтографы. Дзякую вам усім за тое, што ўмееце і хочаце чытаць па-беларуску — і на іншых мовах. Беларускі чытач сёньня — шматмоўны, і гэта нагода для гордасьці. 

321669610_883080086151210_5316802452596543562_n.jpg

Спэктаклі году

Тут без варыянтаў. Натуральна, гэта «Сабакі Эўропы» Беларускага Свабоднага тэатру, спэктакль, які з агромністым посьпехам прайшоў у Лёндане на сцэне Барбікану і ў Парыжы ў тэатры «Адэон». І «Гусі-Людзі-Лебедзі» паводле 2 часткі «Сабакаў Эўропы» — праца Вольных Купалаўцаў, паказаная сёлета ў Любліне, Уроцлаве і Беластоку.

321642820_838071563942143_4432526029834509520_n.jpg

321632381_3439320066394013_7209897860499885370_n.jpg

Музыка году

Нік Акорнэ — аўстрыйска-украінскі музыкант з Грацу, якога мы слухалі сёлета шмат і з асалодай: на канцэртах, пэрформансах, спэктаклях і прыватных выступах, наш добры знаёмы і сапраўднае адкрыцьцё, няўрымсьлівы экспэрымэнтатар, правакатар, мастак і майстар.

Мова году

Мова году — украінская мова. Даводзілася сёлета ня толькі слухаць яе і чуць, але й размаўляць, пісаць, чытаць. І нават натхняць на тое, каб ёй гаварылі і думалі, саміх украінцаў. Я без праблем чытаю ўкраінскай ужо даўно, а вось гавару няўпэўнена і раблю памылкі. Ды разуменьню гэта аніяк не замінае. Зрэшты, з украінцамі мы ў большасьці выпадкаў працягваем размаўляць «кожнае па-свойму», чым дужа дзівім аўстрыйцаў. 

Расчараваньне году

Цяжка выбраць самае галоўнае расчараваньне. Рэакцыя на забарону беларускіх кніг у заходніх мэдыях (абыякавае маўчаньне). Нягеглая праца некаторых беларускіх журналістаў. Ігнараваньне і абыякавасьць з боку тых, хто называе сябе абаронцамі свабоды слова. Агрэсіўная наіўнасьць нэафітаў. Людзі, якія не чытаюць, ня ўмеюць чытаць, ня хочуць — але бяруцца разважаць пра літаратуру і кнігі. Зайздрасьць — невылечная хвароба маленькай культуры, якая сама сябе заганяе ў тупік. І, вядома, так званыя «экспэрты», што, як правіла, з глыбакадумным выглядам прамаўляюць банальнасьці і відавочнасьці. Як толькі яны раскрываюць рот, робіцца ясна, што ўсё здарыцца з дакладнасьцю наадварот. І гэтае вечнае «прыехаў зь Беларусі ў Эўропу» — нібы Беларусь знаходзіцца ў Індыйскім акіяне. Прымітыўныя рашэньні заходніх палітыкаў адносна людзей, адзінай віной якіх ёсьць «няправільны пашпарт». 

Горад году

Горадам году зрабіўся Грац, сталіца Штырыі, дзе мы жывем. Зь якіх бы падарожжаў мы ні вярталіся, прыемна зноў прыяжджаць сюды, ісьці па Анэнштрасэ на Замкавую гару і слухаць, як стракочуць колцы валізаў, вітацца са знаёмымі, удыхаць знаёмыя пахі. Небясьпечнае адчуваньне дому. Але гэта ня дом. Дый не было ў мяне яго ніколі. Дзякуй Грацу, які так доўга даваў нам магчымасьць вярнуцца туды, дзе добра і спакойна. І які даў нам магчымасьць падарожнічаць па сьвеце.

Убоства году

Людзі, якія плённа супрацоўнічаюць з беларускай прапагандай, але апраўдваюць сябе тым, што яны нічога такога ня робяць, а проста займаюцца «культуркай». Вайны, рэпрэсій, жаху і болю яны не заўважылі. Як ні заўважылі і таго, што Беларусь даўно не ўмяшчаецца ў межы РБ. Крыўдлівыя і наіўныя людзі, што заўсёды выйдуць сухімі з вады. Ужо выходзяць. 

Праект году

«Дарагая незнаёмая сяброўка» — супольны праект Kulturvermittlung Steiermark і Юлі Цімафеевай: аўстрыйскія жанчыны напісалі блізу 140 лістоў беларускім жанчынам-палітзьняволеным. А мы іх пераклалі. Адказаў не было , хутчэй за ўсё лісты былі зьнішчаныя, аднак, магчыма, некаторыя дайшлі. Адказаў не было, але сэнс у праекце — быў і ёсьць. Як для адрасатак, так і для тых, хто пісаў гэтыя пасланьні: кранальныя, глыбокія, кароткія і аб’ёмістыя, асабістыя і вельмі цёплыя тэксты тым, хто ў няволі. 

Рэцэнзія году

Пра мае кнігі пісалі сёлета вельмі шмат, але, мабыць, галоўны і самы важны тэкст выйшаў у «Ню-Ёрк Таймс». Рэцэнзія на амэрыканскае выданьне «Дзяцей Аліндаркі» Сафі Пінкхэм прыцягнула вялікую ўвагу да кнігі, да беларускай мовы, да мяне як да аўтара — і я адчуваю ўжо цяпер, як яна паўплывала на маю, скажам так, запатрабаванасьць ў краінах, для якіх Беларусь да нядаўняга часу не існавала. 

Верш году

«Камень страху» Юлі Цімафеевай я чуў у выкананьні аўтаркі разоў сто. Яго чулі дзясяткі гарадоў і тысячы людзей. Верш «Лісты» Юля чытае радзей... І ўсё роўна кожнага разу ў мяне дрыжыкі па сьпіне і нож у сэрцы, калі я чую гэтае «спаляць ці выкінуць? Спаляць ці выкінуць?» А плакаць нельга. Boys don´t cry.

Нянавісьць году

Да пуцінскай імпэрыі забойцаў і маньякаў, зь якімі ня можа быць кампрамісаў. Да фашыстоўскага марыянэткавага ўтварэньня, якое называе сябе «ўладамі РБ». Да ўсіх, хто рыхтаваў і вядзе гэтую вайну. Вайну дзяржавы супраць людзей у Беларусі, вайну на зьнішчэньне цэлага народу ва Ўкраіне.

Пытаньне году

«Як вам пішацца ў экзылі? Што такое «bu samoje»? Як вам удалося так дакладна ўсё прадказаць у «Сабаках»? Дзе іх купіць? Як вайна ва Ўкраіне паўплывала на вашую творчасьць? Ці паўплываў на вас «1984»? Чым беларуская мова адрозьніваецца ад расейскай? Ці сумуеце вы па Беларусі? Ці ўступіць лукашэнка у вайну? Як беларусы ставяцца да вайны? Чым скончыцца вайна?» Стамляюць ня столькі самі пытаньні, колькі неабходнасьць паўтараць адказы. Выбіраю пытаньне пра «bu samoje».

А летась самым папулярным пытаньнем было: «Чым мы можам вам дапамагчы?»

Гульня году

«Чорны Пэтэр». Папулярная ў нямецкамоўных краінах картачная гульня, у якую мы бавімся часам з нашымі харошымі суседзямі, файным украінскім хлопчыкам Іванам і яго мамай Юляй з Харкава. «Чорны Пэтэр», вясёлы камінар, дапамог нам усім перажыць самую чорную пару — пару роспачы.

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Асоба

Як «Слоўнік крывіцкай мовы» стаў «Слоўнікам беларускай гаворкі»

Яго галоўная праца стала настольнай кнігай паэта Максіма Багдановіча, які вывучаў па ёй родную мову. Гэта быў «Слоўнік...

valiancina_shauchenka
Грамадства

У Зэльве знік помнік Ларысе Геніюш

У Зэльве ўсё ж такі дэмантавалі помнік Ларысе Геніюш. Учора з’явілася інфармацыя, што Зэльвенскі райвыканкам палічыў...

valiancina_shauchenka
«Музыка»

«За Сашу Саладуху большай звязды няма». Бард Віктар Шалкевіч пра самагонку ў вёсцы, 4000 пласцінак і пярсцёнак ад Бенэдыкта XVI

Бард з беларускага мястэчка Віктар Шалкевіч грае на канцэртах новыя песні. А тым, хто хоча панастальгіраваць, прапануе...

valiancina_shauchenka
Культура Мастацтва

Ніна Бохан: самабытная мастачка, якая малявала дываны і грошы

Ніколі б не падумала, што здымак з чужога фотаальбома стане нагодай для журналісцкага даследавання даўжынёй амаль...

Апошнія навіны

    Асоба
    Як «Слоўнік крывіцкай мовы» стаў «Слоўнікам беларускай гаворкі»
    Грамадства
    У Зэльве знік помнік Ларысе Геніюш
    «Музыка»
    «За Сашу Саладуху большай звязды няма». Бард Віктар Шалкевіч пра самагонку ў вёсцы, 4000 пласцінак і пярсцёнак ад Бенэдыкта XVI
    Культура Мастацтва
    Ніна Бохан: самабытная мастачка, якая малявала дываны і грошы
    Грамадства Музыка
    Балючая рэфлексія пра сон і абуджэнне краіны. Гурт «ДОМ Сувязі» выпусціў кліп на песню «Спи»
    Грамадства
    Прайшлі ператрусы і затрыманні сярод полацкіх музейшчыкаў
    Навіны "Будзьма!" «Гісторыя за 5 хвілін»
    Як князь Гедымін дыпламатычны марш на Захад арганізоўваў. Распавядаем ў новым выпуску «Гісторыі за 5 хвілін»
    Культура
    Новы выпуск падкаста «Малус» дасяжны на стрымінгах
    Літаратура
    Кнігу Альгерда Бахарэвіча «Тэатр шчаслівых дзяцей» можна паслухаць у аўдыяфармаце
    Грамадства
    Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве дэмантаваць не будуць
    Вандруем разам
    Унікальнае месца для адпачынку. Расказваем пра адметнасці Ліпічанскай пушчы
    Афіша Літаратура
    Ужо заўтра адбудзецца анлайн-прэзентацыя рамана Шчэпана Твардаха “Кароль” у беларускім перакладзе
    Гісторыя
    Невядомыя беларускамоўныя тэксты з атачэння Кастуся Каліноўскага у новым нумары «Homo Historicus 2023».
    Кіно
    Воля Чайкоўская: «Беларускае кіно — самабытнае, аўтэнтычнае, рызыкоўнае. Яшчэ — вельмі каштоўнае, таму што знаходзіцца на мяжы выжывання. Яго практычна як від можна заносіць у Чырвоную кнігу»
    Мастацтва
    Вясна перадусім! Выстава Лявона Тарасэвіча ў варшаўскай галерэі Monopol

Афіша

  • 30.03

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Гурт PyLai ў Батумі

  • 30.03 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 30.03 — 31.03Выстава, прысвечаная мастаку кіно Яўгену Ганкіну, у Мінску
  • 30.03 — 31.03«У краіне мар». Выстава, прысвечаная Канстанцыі Буйло, у Мінску
  • 30.03 — 30.04Выстава «Ян Вермеер» у Мінску
  • 30.03 — 02.04Выстава Усевалада Швайбы і Тамары Дзяменцьевай «Узы меж нами» ў Гродне
  • 30.03 — 30.04 «Партрэт часу»: калекцыя жывапісу Белгазпрамбанка ў Магілёве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Пагоня» не з’яўляецца «экстрэмісцкім» сімвалам
    • Топ-3 смешных выпадкаў з Якубам Коласам
    • Што паслухаць з беларускай музыкі на Дзень Волі
    • «Беларусьфільм» здыме экранізацыю рамана Караткевіча. Сталі вядомыя падрабязнасці
    • Гурт VOLSKI выступіў з вялікім канцэртам да Дня Волі. Фотарэпартаж
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип